Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
Рэспублікі Беларусь

Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына.

Афіцыйны сайт

Тэхнічная экспертыза дакументаў

Прадмет

Прадметам тэхнічнай экспертызы дакументаў з’яўляюцца фактычныя акалічнасці, звязаныя з вырабам дакументаў, для высвятлення якіх неабходныя спецыяльныя веды ў галіне тэхнічнага даследавання дакументаў.

Аб’ект

  • дакументы, каштоўныя паперы, грашовыя білеты, папера, засвядчальныя друкарскія формы (пячаткі, штампы), пішучыя вузлы, прылады для друку (пішучыя машыны, прынтары, капіравальна-множыльная тэхніка), фарбавальныя рэчывы і інш.

Да аб’ектаў непасрэднага даследавання тэхнічнай экспертызы дакументаў належаць:

  • змест дакумента, які ўключае тэкст, подпісы, адбіткі пячатак і штампаў, пазнакі, рэзалюцыі і да т. п.;
  • следаўтваральныя паверхні, з дапамогай якіх вырабляецца дакумент (друкарскія формы, пячаткі і штампы, пішучыя вузлы, прылады для друку і інш.), або ўзоры адбіткаў іх друкуючых (пішучых) паверхняў;
  • матэрыялы дакумента, то бок аснова дакумента (часцей за ўсё папера), рэчыва штрыхоў (чарніла, аловак, паста для шарыкавых ручак, фарба капіравальнай паперы, штэмпельныя і друкарскія фарбы, тонер).

Задачы

  • вызначэнне спосабу вырабу дакумента (каштоўнай паперы, грашовага білета);
  • вызначэнне прыкмет падробкі дакумента, а таксама атрыманне даных для вышуку і вызначэння асобы, якая вырабіла ці падрабіла дакумент.

Асноўныя задачы тэхнічнай экспертызы дакументаў па сваім характары дзеляцца на ідэнтыфікацыйныя і неідэнтыфікацыйныя (дыягнастычныя і класіфікацыйныя).

Да першай групы задач належаць:

  • ідэнтыфікацыя канкрэтных прадметаў па іх матэрыяльна фіксаваных адлюстраваннях (літар пішучых машын, прылад для друку, друкарскіх форм, пячатак і штампаў, пішучых вузлоў і інш.);
  • ідэнтыфікацыя дакумента па яго частках (частцы);
  • ідэнтыфікацыя матэрыялаў, якія ўжываліся для вырабу дакументаў (папера, фарбавальныя рэчывы).

Да другой групы задач належаць:

  • вызначэнне спосабу вырабу дакумента і яго частак;
  • вызначэнне факта і спосабу ўнясення змен у дакумент пасля яго складання, выяўленне слабабачных і нябачных запісаў, аднаўленне зместу спаленых дакументаў;
  • вызначэнне храналагічнай паслядоўнасці выканання перасечаных штрыхоў рэквізітаў у дакуменце;
  • вызначэнне радавой (відавой) прыналежнасці матэрыялаў дакумента (чарніла, паст для шарыкавых ручак, паперы і інш.).

Патрабаванні да матэрыялаў, якія накіроўваюцца на экспертызу

Дакументы, якія накіроўваюцца на экспертызу, пералічваюцца з пазначэннем назвы, а таксама нумару і даты (калі апошнія ёсць на дакуменце). У суправаджальных дакументах (пастанове, прысудзе, заяве і да т. п.) пазначаецца, што падлягае даследаванню, г. зн. якія рэзалюцыі, пазнакі, подпісы, адбіткі пячаткі (штампа) і інш. павінны быць вывучаны экспертам.

Дакументы – аб’екты, якія накіроўваюцца на экспертызу, патрабуюць асцярожнага абыходжання. Недапушчальна рабіць на іх якія-небудзь пазнакі, выпраўляць іх, чысціць ад забруджванняў, увільгатняць, наносіць на іх новыя складкі. Змена выгляду ці іншых уласцівасцяў дакумента можа прывесці да страты доказных фактаў. Дакумент, выяўлены ва ўвільготненым стане, варта перад накіраваннем на экспертызу прасушыць пры пакаёвай тэмпературы, пры гэтым у суправаджальных дакументах зазначаецца, у якім стане дакумент быў выяўлены.

Пры накіраванні на даследаванне старых ці разарваных дакументаў нельга іх склейваць ці падклейваць, бо гэта істотна зменіць не толькі выгляд дакумента, але і ўласцівасці матэрыялаў дакумента – паперы, рэчыва рэквізітаў. Такія дакументы варта змяшчаць паміж шклянымі пласцінкамі ці празрыстымі плёнкамі, акантаваўшы іх ліпкай стужкай.

Для перасылання дакументы ўкладаюцца паміж двума аркушамі паперы ў шчыльны канверт, які заклейваецца і апячатваецца. Канверт не варта перагінаць, прашываць.

Пры накіраванні на даследаванне згарэлых дакументаў ёсць шэраг асаблівасцяў. Такія дакументы патрабуюць асабліва асцярожнага абыходжання. Для захавання спаленых дакументаў у працэсе транспартавання іх змяшчаюць на ватную “падушку” ў кардонную каробку, якую пры гэтым забаронена пераварочваць.

Да тэхнічнай экспертызы дакументаў належаць:

  • экспертыза рэквізітаў дакументаў;
  • экспертыза матэрыялаў дакументаў;
  • экспертыза па выяўленні тэхнічных прыкмет кантрафактнасці ў аўдыя-, відэапрадукцыі і прадукцыі праграмнага забеспячэння.

Экспертыза рэквізітаў дакументаў

Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы бланкаў дакументаў
  • Ці выраблены прадстаўлены бланк дакумента прадпрыемствам, якое ажыццяўляе выпуск прадукцыі дадзенага віду?
  • Якім спосабам выраблены дакумент ці яго бланк?
  • Адным ці рознымі спосабамі вырабленыя бланкі дакументаў, якія даследуюцца?
  • Ці з адной друкарскай формы выраблены прадстаўленыя бланкі дакументаў?
  • Ці не выраблены бланк дакумента, які паступіў, з дадзенай друкарскай формы?
  • Ці меў месца мантаж рэквізітаў дакумента пры яго вырабе?
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы адбіткаў засвядчальных друкарскіх форм
  • Якім спосабам нанесены адбітак засвядчальнай друкарскай формы (пячаткі, штампа) у прадстаўленым дакуменце?
  • Адным ці рознымі друкарскімі формамі нанесены адбіткі пячаткі (штампа), якія даследуюцца?
  • Ці не нанесены адбіткі, якія даследуюцца, пячаткаю (штампам), узоры адбіткаў якой прадстаўлены для параўнання?
  • Ці не нанесены адбіткі, якія даследуюцца, пячаткаю (штампам), прадстаўленай для параўнання?
  • Якім спосабам выраблена засвядчальная друкарская форма, адбітак якой маецца ў прадстаўленым дакуменце?
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы машынапісных тэкстаў
  • Якая марка і сістэма пішучай машыны, на якой выкананы тэкст дакумента даследавання?
  • На адной ці розных пішучых машынах выкананы тэксты прадстаўленых дакументаў?
  • Ці не выкананы тэкст дакумента на прадстаўленай пішучай машыне?
  • Ці не выкананы тэкст дакумента на пішучай машыне, узоры тэкстаў якой прадстаўлены для параўнання?
  • Ці ў адну закладку выкананыя тэксты прадстаўленых экзэмпляраў дакумента?
  • Ці не дадрукаваны той ці іншы фрагмент тэксту ў прадстаўленым дакуменце?
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні тэхнічнай экспертызы подпісаў
  • Якім спосабам выкананы подпіс, які даследуецца, у прадстаўленым дакуменце (рукапісным ці з выкарыстаннем якіх-небудзь тэхнічных сродкаў)?
  • Ці мела месца тэхнічная падробка подпісу (капіраванне на прасвет, перацісканне, выкананне з ужываннем папярэдняй падрыхтоўкі і інш.)?
  • Ці не скапіраваны подпіс у дакуменце, які даследуецца, з якога-небудзь подпісу з ліку прадстаўленых для параўнання?
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы вызначэння факта змены першапачатковага зместу дакумента
  • Ці не былі ўнесены ў дакумент якія-небудзь змены (дапіскі, падчысткі, траўленні, заштрыхоўкі і інш.)? Калі так, то якім спосабам і які першапачатковы змест?
  • Ці не пераклейваліся якія-небудзь часткі дакумента (фотакартка, марка і інш.)?
  • Ці не праводзілася замена аркушаў у прадстаўленым дакуменце? (вырашаецца ў дачыненні да збрашураваных, г. зн. сшытых любым спосабам, дакументаў)
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы вызначэння зместу дакумента
  • Якім быў змест у першапачаткова выкананых (змененых) запісаў у прадстаўленым дакуменце?
  • Якім быў змест у пагаслых, уціснутых, залітых (заштрыхаваных) запісаў?
  • Якім быў тэкст спаленага дакумента?
  • Рэшткамі якіх дакументаў з’яўляецца прадстаўленая на экспертызу асмаленая маса?
  • Якая храналагічная паслядоўнасць выканання перасечаных рэквізітаў (тэксту, адбітка і подпісу) у дакуменце, які даследуецца?
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы грашовых білетаў
  • Ці выраблены прадстаўлены на даследаванне грашовы білет прадпрыемствам, якое ажыццяўляе вытворчасць грашовых знакаў дадзенай дзяржавы?
  • Якім спосабам выраблены прадстаўлены грашовы білет?
  • Ці з адной друкарскай формы вырабленыя прадстаўленыя грашовыя білеты (пры паліграфічным спосабе нанясення выяў)?
  • Ці не выраблены грашовыя білеты, якія паступілі, з прадстаўленай друкарскай формы?
  • Ці з аднаго арыгінала выраблены прадстаўленыя грашовыя білеты (пры паліграфічным і не паліграфічным спосабе нанясення выяў)?
  • Ці адпавядаюць адлюстраванні прадстаўленых грашовых білетаў выявам у файлах?

Экспертыза матэрыялаў дакументаў

Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні экспертызы матэрыялаў дакументаў
  • Ці аднародныя паміж сабой папера дакумента і прадстаўленыя для параўнання ўзоры паперы?
  • Ці аднародная паміж сабой папера, на якой выраблены прадстаўленыя дакументы?
  • Які від, марка і гатунак паперы, выкарыстанай для вырабу прадстаўленых дакументаў?
  • Ці аднародныя паміж сабой па хімічным складзе фарбавальныя рэчывы, якімі выкананы рэквізіты дакументаў (рукапісныя запісы і подпісы, адбіткі пячатак і штампаў, друкаваны тэкст і інш.), з чарнілам у картрыджах прынтара (пастай шарыкавай ручкі, штэмпельнай фарбай, тонарам прынтара)?
  • Ці не на прадстаўленым прынтары (капіравальна-множыльнай тэхніцы) вырабленыя дакументы, іх копіі, рэквізіты дакументаў і інш.?
  • Ці не выкарыстоўваліся прадстаўленыя струменныя прынтары (лазерныя прынтары, шарыкавыя ручкі, штэмпельныя падушкі і інш.) для вырабу названых рэквізітаў у прадстаўленых дакументах?
  • Ці аднародныя паміж сабой па хімічным складзе фарбавальныя рэчывы, якімі выкананы рэквізіты (рукапісныя запісы, адбіткі пячатак і штампаў, друкаваныя тэксты і інш.) у прадстаўленых дакументах?
  • Якім фарбавальным рэчывам выкананы рэквізіты дакумента, які паступіў на экспертызу?

Экспертыза па выяўленні тэхнічных прыкмет кантрафактнасці ў вырабах, якія змяшчаюць інтэлектуальную ўласнасць на магнітных і аптычных носьбітах інфармацыі

Прадмет

Прадметам экспертызы з’яўляюцца фактычныя акалічнасці, звязаныя з вырабам аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, для вырашэння якіх неабходныя спецыяльныя веды ў галіне тэхнічнага даследавання дакументаў.

Аб’екты

Аб’екты: кампакт-касеты, відэакасеты, аптычныя дыскі з запісам, нанесеным прамысловым спосабам, або з дапамогай пішучых прылад да ПЭВМ (дыскі тыпу CD-R, -RW; DVD-R, -RW), іншыя віды носьбітаў інфармацыі, упакоўка кампакт-касет, відэакасет, аптычных дыскаў, іншых відаў носьбітаў інфармацыі, паліграфічныя інфармацыйныя ўкладышы, буклеты, налепкі.

Задачы

  • вызначэнне наяўнасці ці адсутнасці тэхнічных прыкмет кантрафактнасці ў аб’екце даследавання, яго ўпакоўцы, паліграфічных укладышах, налепках і да т. п. Асноўная задача па сваім характары належыць да дыягнастычнай і класіфікацыйнай

Падчас правядзення экспертызы з мэтай вырашэння асноўнай задачы вырашаюцца таксама наступныя задачы:

  • дыягнастычныя – вызначэнне спосабу нанясення фарбавых выяў на паверхні паліграфічных частак упакоўкі і носьбіта інфармацыі;
  • класіфікацыйныя – вызначэнне адпаведнасці аб’екта даследавання патрабаванням нарматыўных прававых актаў і тэхнічных нарматыўных прававых актаў па вытворчасці і распаўсюджванні прадукцыі інтэлектуальнай уласнасці, а таксама прадстаўленаму для параўнання ліцэнзійнаму ўзору.

Пытанні, якія вырашаюцца экспертызай па выяўленні тэхнічных прыкмет кантрафактнасці

  • Ці мае прадстаўленая на даследаванне аўдыя-, відэапрадукцыя, прадукцыя праграмнага забеспячэння тэхнічныя прыкметы кантрафактнасці?

Тэлефон для сувязі: 8 (017) 308-63-81, 8 (017) 308-63-82