Пажарна-тэхнічная экспертыза
Аб’ект
Любыя аб’екты матэрыяльнага асяроддзя, як тыя, што трапілі пад уздзеянне пажару, так і тыя, што не трапілі, але маюць дачыненне да акалічнасцяў яго ўзнікнення, развіцця і ліквідацыі, а таксама характарызуюць дадзены аб’ект пажару, а менавіта:
- матэрыяльнае абсталяванне месца пажару;
- дакументальныя даныя, якія характарызуюць канструктыўна-планіровачнае ўладкаванне аб’екта пажару, ступень і характар тэрмічнага ўздзеяння пажару на яго канструктыўныя элементы і прадметы рэчавага абсталявання;
- дакументальныя даныя, якія характарызуюць саму з’яву пажару, акалічнасці яго ўзнікнення, выяўлення, працэс развіцця і ліквідацыі гарэння на пажары;
- праектная, тэхналагічная, канструктарская, эксплуатацыйная і іншая дакументацыя аб’екта пажару;
- прадметы, рэчывы і матэрыялы, якія маюць сляды гарэння ці, як мяркуецца, маюць дачыненне да ўзнікнення пажару або яго развіцця;
- тэхнічныя сродкі падпалу.
Задачы
- вызначэнне месца размяшчэння ачага пажару і асаблівасцяў яго развіцця;
- вызначэнне непасрэднай (тэхнічнай) прычыны пажару;
- вызначэнне ўмоў і акалічнасцяў, якія спрыялі ўзнікненню і развіццю пажару.
Патрабаванні да матэрыялаў, якія накіроўваюцца на экспертызу
Сабраныя аб пажары матэрыялы павінны змяшчаць неабходныя для адказу на пастаўленыя пытанні і даследаванні той ці іншай экспертнай версіі аб прычыне пажару зыходныя даныя.
Матэрыялы, якія прадстаўляюцца для правядзення экспертызы, павінны, як правіла, змяшчаць наступныя звесткі:
- звесткі, якія характарызуюць аб’ект пажару: яго прызначэнне і характар фактычнага выкарыстання, від вытворчай дзейнасці, віды, колькасць і ўласцівасці прадметаў, рэчываў і матэрыялаў, якія змяшчаліся на ім, наяўнасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, супрацьпажарны рэжым, выкананне правілаў пажарнай бяспекі; звесткі аб тэхналагічных, ацяпляльных і электраўстаноўках (іх тыпах, марках, тэхнічных характарыстыках) з пазначэннем месцазнаходжання;
- звесткі, якія характарызуюць саму з’яву пажару і яго акалічнасці: час пачатку і выяўлення пажару, прыкметы, па якіх ён быў выяўлены, працягласць і інтэнсіўнасць гарэння на розных пляцоўках аб’екта пажару, найбольш істотныя з’явы падчас пажару (абвальванне будаўнічых канструкцый, успышкі, выбухі і інш.), метэаралагічныя ўмовы ў якіх адбываўся пажар;
- звесткі, якія характарызуюць стан аб’екта пасля пажару:
- стан будаўнічых канструкцый, ацяпляльных, тэхналагічных установак і інш., якія падпалі пад інтэнсіўнае тэрмічнае ўздзеянне (глыбіня выгарання, ступень дэфармацыі ці абвальвання і інш.);
- прыкметы нераўнамернасці тэрмічнага ўздзеяння пажару;
- звесткі аб тэхнічных прыладах і іх дэталях, рэштках рэчываў і матэрыялаў, магчыма звязаных з узнікненнем пажару;
- наяўнасць на элементах электраўстановак (электрарухавіках, награвальных прыладах, правадах, кабелях, камутацыйнай апаратуры і інш.) аплаўленняў, прапалін карпусоў і абалонак, лакальных участкаў з выгараннем фарбы ці змененым колеравым адценнем; размяшчэнне і стан іншага абсталявання, мэблі, скупнасцяў прадметаў і матэрыялаў;
- становішча, агульны стан засцерагальных, адключальных і запорных прылад, паказанні кантрольна-вымяральных прыбораў шчытоў кіравання і тэхналагічнага і электрычнага абсталявання, газаправодаў;
- іншыя спецыфічныя акалічнасці і фактычныя даныя (пах гаручых і раздражняючых органы дыхання рэчываў, прыкметы гвалтоўнага адкрывання і разбурэння агароджаў і праёмаў, прадметы і прыстасаванні, якія маглі быць прыладамі ўзлому ці сродкамі падпалу).
На экспертызу падаюцца
Копіі працэсуальных і іншых дакументаў. Напрыклад:- праектна-канструктарская і эксплуатацыйная дакументацыя аб’екта (праект, тэхналагічны рэгламент, папаверхавыя планы, схемы знадворнай і ўнутранай электрычных сетак, размяшчэння абсталявання, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, пасудзін і прадуктаправодаў, якія знаходзяцца пад празмерным ціскам, прызначаных для захоўвання і транспартавання ЛУВ, ГВ, гаручых газаў, акісляльнікаў і хімічна агрэсіўных рэчываў, віду і характарыстык іншых рэчываў (матэрыялаў), якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці, прадпісанні органаў дзяржаўнага пажарнага і энергетычнага нагляду і інш.);
- падрабязныя схемы электразабеспячэння аб’екта:
- схема знадворнага электразабеспячэння аб’екта з пазначэннем тыпу і маркі зніжальнага трансфарматара сілкавальнай трансфарматарнай падстанцыі (ТП), тыпу, маркі і працоўных параметраў апаратаў абароны нізкага боку ТП, маркі, сячэння і даўжыні па ўчастках праваднікоў сілкавальных паветраных (кабельных) ліній і праваднікоў уводу;
- схема ўнутранай электрычнай сеткі аб’екта з пазначэннем маркі і працоўных параметраў камутацыйна-ахоўнай апаратуры, маркі, сячэння і даўжыні па ўчастках праваднікоў, спосабу іх пракладкі і злучэння; асноўных спажыўцоў электрычнай энергіі – іх тып, марка, асноўныя працоўныя параметры, рэжым працы, месца і спосаб усталёўкі;
- даведкі аб метэаралагічных умовах (тэмпературы паветра, наяўнасці ападкаў, сіле і напрамку ветру) на момант узнікнення пажару і ў перыяд тушэння пажару.
- фрагменты элементаў будаўнічых канструкцый будынкаў, збудаванняў ці прадметаў рэчавага абсталявання, якія нясуць інфармацыю аб ступені тэрмічнага ўздзеяння на іх;
- розныя цеплагенеруючыя прыборы, абсталяванне, электрычныя спажыўцы ці іх фрагменты з прыкметамі і (ці) слядамі аварыйных рэжымаў працы, у тым ліку і электрычныя праваднікі з аплаўленнямі, якія вымаюцца з зоны размяшчэння магчымага месца ўзнікнення першапачатковага гарэння, у выніку працы ці няспраўнасці якіх мог узнікнуць пажар. Участкі электраправадоў у зонах аплаўлення вымаюцца даўжынёй 40-50 мм, з пазначэннем кірунку да крыніцы электразабеспячэння;
- рэчывы, матэрыялы ці іх рэшткі, схільныя, як мяркуецца, да мікрабіялагічнага, хімічнага ці цеплавога самаўзгарання;
- магчымыя сродкі падпалу ці іх рэшткі, магчымыя аб’екты-носьбіты слядоў рэчываў-інтэнсіфікатараў працэсу гарэння (лёгкаўзгаральныя вадкасці (ЛУВ), гаручыя вадкасці (ГВ) і інш.). Вымаюцца з зоны ачага пажару, але з участкаў, якія падпадалі пад мінімальнае тэрмічнае ўздзеянне (адваротны бок дошак падлогі, чарнавая падлога, апорныя канструкцыі падлогі, грунт), спакоўваюцца ў чыстую герметычную тару.
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні пажарна-тэхнічнай экспертызы
Вызначэнне месца размяшчэння ачага пажару і асаблівасцяў развіцця гарэння- Дзе знаходзіўся ачаг пажару?
- Якія шляхі (напрамкі) распаўсюджвання агню з ачага пажару?
- Ці ёсць у выпадку, які разглядаецца, прыкметы, якія характарызуюць узнікненне і развіццё гарэння на пажары пры інтэнсіфікатарах гарэння (ЛУВ, ГВ)?
Вызначэнне прычыны пажару, звязанай з эксплуатацыяй ці няспраўнасцю электраабсталявання:
- Ці мае прадстаўленае на даследаванне электраабсталяванне характэрныя прыкметы і (ці) сляды, якія сведчаць аб знаходжанні яго пад напружаннем на момант тэрмічнага ўздзеяння пажару?
- Ці ёсць на прадстаўленых аб’ектах прыкметы і (ці) сляды аварыйных з’яў электрычнай прыроды (аплаўленні, сляды токавай перагрузкі, кароткага замыкання і інш.)?
- У які момант узнік аварыйны рэжым (да пажару ці ў працэсе яго развіцця)?
- Ці магчыма было ў выпадку, які разглядаецца, узнікненне пажару ў выніку аварыйнага рэжыму ў працы электраабсталявання?
- Ці мог узнікнуць пажар у выніку эксплуатацыі тэхналагічнага (ці бытавога) абсталявання… (адзначаецца, якога канкрэтна тэхналагічнага ці бытавога абсталявання)?
Заўвага. Пры вырашэнні дадзенага пытання адносна складанага тэхналагічнага абсталявання патрабуецца папярэдне вызначыць від няспраўнасці ў гэтым абсталяванні шляхам правядзення адпаведнай тэхналагічнай экспертызы. - Ці магчыма загаранне рэчыва (матэрыялу) пры кантактаванні яго з нагрэтай паверхняй прыбора, прыбора ў зададзеных умовах… (пры фармуліроўцы пытання адзначаецца канкрэтнае рэчыва і ўмовы яго ўзаемадзеяння з крыніцай цяпла, від крыніцы цяпла)?
- Ці магчыма ўзгаранне прадстаўленага прадмета (рэчыва, матэрыялу) пры яго кантактаванні з адкрытым полымем … (адзначаецца канкрэтная крыніца адкрытага полымя: запалка, паходня, вогнішча, газавая гарэлка і інш.)?
- Ці магчыма загаранне прадстаўленага на даследаванне рэчыва (матэрыялу) пры кантакце з часцінкамі расплаўленага металу (якія ўтвараюцца пры газавай ці электразварцы, кароткім замыканні ў электраўстаноўках і інш.), часцінкамі запаленага рэчыва (сажы з выхлапной трубы рухавікоў транспартных сродкаў і ацяпляльных установак, вогнішчаў і іншых адкрытых крыніц агню) і ўзнікненне пажару па гэтай прычыне … (адзначаецца адзін з пералічаных спосабаў утварэння часцінак металу, напрыклад, газавая зварка, ці адна з крыніц утварэння запаленых часцінак, напрыклад іскра з вогнішча)?
- Ці ёсць у выпадку, які разглядаецца, прыкметы, якія паказваюць на датычнасць працэсаў самаўзгарання да ўзнікнення пажару? Калі так, то якія?
- Ці магчыма было ўзнікненне самаўзгарання (цеплавога, хімічнага, мікрабіялагічнага) пэўных рэчываў і матэрыялаў пры зададзеных умовах?
- Якая непасрэдная (тэхнічная) прычына ўзнікнення пажару?
- Ці магчыма было ўзнікненне пажару ў выніку пэўных няспраўнасцяў абсталявання, прыбораў, прылад пры канкрэтных умовах ці акалічнасцях… (адзначаюцца ўмовы ці акалічнасці, магчымыя няспраўнасці абсталявання, якія разглядаюцца ў якасці адной з версій узнікнення пажару)?
- Ці магчыма было ўзнікненне пажару пры пэўных умовах… (адзначаюцца канкрэтныя ўмовы)?
Заўвага. Для правядзення даследавання па дадзеным пытанні неабходна абавязкова адлюстраваць від, колькасць і ўласцівасці гаручых матэрыялаў, якія знаходзіліся ў зоне гарэння, адзначыць месца ўнясення крыніцы запальвання ў дадзеную зону і яе від (полымя запаленай запалкі, запальніцы ці паходні, тлеючы тытунёвы выраб, іскры, якія ўтвараюцца пры спальванні рэчываў ці матэрыялаў у вогнішчах, кароткім замыканні, правядзенні зварачных работ і інш.).
- Ці ёсць у выпадку, які разглядаецца, парушэнні патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі, якія знаходзяцца ў прычынна-выніковай сувязі з узнікненнем дадзенага пажару?
- Ці ёсць у выпадку, які разглядаецца, парушэнні патрабаванняў правіл уладкавання электраўстановак, якія знаходзяцца ў прычынна-выніковай сувязі з узнікненнем дадзенага пажару?
Вызначэнне прыкмет узнікнення пажару ў выніку падпалу, сродкаў і спосабу яго здзяйснення
- Ці ёсць у выпадку, які разглядаецца, прыкметы і (ці) сляды, якія сведчаць аб магчымасці узнікнення пажару ў выніку падпалу? Калі так, то якія?
- Якім мог быць спосаб і сродкі здзяйснення падпалу (на падставе выяўленых даных аб слядах і прыкметах)?
Заўвага. Эксперт у сваіх высновах па пастаўленых пытаннях не мае права канстатаваць узнікненне пажару ад падпалу ці па неасцярожнасці, паколькі такая ацэнка носіць прававы характар, патрабуе высвятлення асаблівасцяў дзеянняў звязаных з пажарам людзей і іх матывацыі.