Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
Рэспублікі Беларусь

Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына.

Афіцыйны сайт

Почырказнаўчая экспертыза

Аб’ект

  • рукапісны тэкст ці частка яго;
  • кароткі запіс;
  • подпіс.

Задачы

  • ідэнтыфікацыйныя – вызначэнне выканаўцы рукапіснага тэксту, кароткага запісу ці подпісу;
  • дыягнастычныя – вызначэнне факта незвычайнасці працэсу пісьма ў момант выканання рукапіснага тэксту ці подпісу і прычын, якія абумовілі гэту незвычайнасць.
Пытанні, якія вырашаюцца пры правядзенні почырказнаўчай экспертызы пры вырашэнні ідэнтыфікацыйных задач:
  • Кім выкананы рукапісны тэкст, размешчаны ў … (назва і рэквізіты дакумента), які пачынаецца і які сканчаецца адпаведна словамі: «…» – «…», А., Б. ці іншай асобай?
  • Кім выкананы подпіс ад імя З., размешчаны ў … (назва і рэквізіты дакумента з пазначэннем месцазнаходжання аб’екта даследавання: старонка, радок, графа ці папярэднія словы), самім З. ці ж А., Б., іншай асобай?
пры вырашэнні дыягнастычных задач:
  • Ці мела месца незвычайнасць працэсу пісьма пры выкананні А. рукапіснага тэксту (запісу, подпісу) і калі так, то якімі прычынамі яна магла быць выклікана?
  • Ці не выкананы рукапісны тэкст (запіс, подпіс) А. у незвычайным стане?

Патрабаванні да матэрыялаў, якія накіроўваюцца на экспертызу

Пры правядзенні почырказнаўчай экспертызы важнае значэнне мае падбор і афармленне параўнальнага матэрыялу. Разнастайнасць і колькасць неабходных узораў абумоўлена складанай прыродай і асаблівасцямі почырку, яго варыяцыйнасцю, некаторай зменлівасцю з цягам часу, залежнасцю ад знешніх і ўнутраных фактараў. Таму ў распараджэнні эксперта павінны быць разнастайныя ўзоры почырку і подпісу.

Свабодныя ўзоры почырку (подпісаў) – гэта тэксты (запісы, подпісы), выкананыя канкрэтнай асобай да ўзнікнення справы (спрэчкі) і не звязаныя з ёй, гэта значыць тады, калі выканаўца не меркаваў, што яны могуць быць выкарыстаны ў якасці параўнальнага матэрыялу для экспертызы. Такія ўзоры могуць знаходзіцца, напрыклад, у плацежных ведамасцях, касавых ордарах, загадах, дагаворах, заявах, аўтабіяграфіях, нататніках і інш.

Асноўнае патрабаванне, якое прад’яўляецца да свабодных узораў, несумнеўнасць іх паходжання, гэта значыць бясспрэчная прыналежнасць іх канкрэтнай асобе, ад імя якой яны падаюцца. Для пацвярджэння несумнеўнасці паходжання свабодныя ўзоры почырку (подпісаў) падаюцца асобе, ад імя якой яны значацца, і засвядчаюцца ёй. Калі сапраўднасць узораў адмаўляецца асобай, ад імя якой яны значацца, або сапраўднасць узораў выклікае сумневы, яны не могуць быць прадстаўлены эксперту ў якасці ўзораў.

Умоўна-свабодныя ўзоры почырку (подпісаў) – гэта тэксты (запісы, подпісы), выкананыя пасля ўзнікнення справы (спрэчкі), але не спецыяльна для правядзення экспертызы. Да іх належаць тлумачэнні, пратаколы допытаў, скаргі і інш.

Эксперыментальныя ўзоры почырку (подпісаў) – гэта такія тэксты (запісы, подпісы), якія выконваюцца спецыяльна для прызначанай экспертызы ва ўмовах, максімальна набліжаных да тых, у якіх, як мяркуецца, выкананы аб’ект даследавання.

Пры адборы эксперыментальных узораў неабходна трымацца пэўных правіл:
  • стварыць для пішучага звыклыя для яго ўмовы пісьма (звыклая пастава, пішучая рука, тэмп, прылада для пісьма, пры неабходнасці карыстацца акулярамі);
  • адбор узораў почырку ажыццяўляецца пад дыктоўку тэксту дакумента для даследавання або спецыяльна складзенага тэксту, які змяшчае словы з гэтага дакумента; словы чытаюцца так, як вымаўляюцца, знакі прыпынку не вылучаюцца;
  • узоры почырку (подпісаў) адбіраюцца ў звыклым для пішучага тэмпе, у паскораным і павольным (старанна);
  • у тым выпадку, калі тэкст для даследавання (запіс, подпіс) выкананы пад уплывам збівальных фактараў (ап’яненне, незвычайны эмацыянальны стан, абмежаванне зрокавага кантролю і г. д.), у якасці свабодных (умоўна-свабодных) узораў пажаданыя рукапісы, выкананыя ў тым жа стане, а эксперыментальныя ўзоры варта адбіраць у найбольш блізкіх умовах (напрыклад, калі мяркуецца, што аб’ект даследавання выкананы ў стане алкагольнага ап’янення, то эксперыментальныя ўзоры могуць быць адабраныя ў максімальна хуткім тэмпе);
  • калі пры адборы эксперыментальных узораў выявіцца, што пішучы імкнецца змяніць свой почырк, гэтаму можна перашкодзіць шляхам паскарэння ці запавольвання тэмпу дыктоўкі;
  • не варта даваць для спісвання тэкст дакумента для даследавання ці паказваць подпіс для даследавання для выканання ўзораў шляхам змалёўвання.

Параўнальныя матэрыялы павінны быць належнай якасці і пададзены ў дастатковай колькасці.

Належная якасць – гэта супараўнальнасць узораў:
  • па часе напісання: разрыў у часе напісання рукапісу для даследавання і ўзораў павінен быць мінімальным;
  • па пісьмовасці і мове: пры рознай пісьмовасці могуць адсутнічаць супараўнальныя пісьмовыя знакі, а пры аднолькавай пісьмовасці, але розных мовах нельга меркаваць аб прыкметах маўленчай дзейнасці;
  • па змесце і мэтавым прызначэнні: у аналагічных па форме і змесце дакументах, як правіла, выяўляюцца тыя ж прыкметы, што і ў дакуменце для даследавання;
  • па матэрыяле пісьма: узоры выконваюцца такой жа прыладай для пісьма, што і аб’ект даследавання (шарыкавая, гелевая ручка, аловак);
  • па спосабе выканання: узоры выконваюцца спосабам, аналагічным спосабу выканання рукапісаў для даследавання, напрыклад, з імітаваннем літар друкаваных форм, нязвыклай пішучай левай рукой і інш.;
  • па ўмовах выканання: узоры выконваюцца пад уплывам акалічнасных фактараў, напрыклад, на вертыкальна размешчанай паверхні, на каленях;
  • па тэмпе пісьма: пры пісьме ў павольным, хуткім ці паскораным тэмпе прыкметы адлюстроўваюцца па-рознаму.

Патрабаванні да аб’ёму ўзораў

Дастатковая колькасць узораў – гэта такі іх аб’ём, які забяспечвае магчымасць поўнага і ўсебаковага супараўнання прыкмет у аб’екце даследавання і ўзорах. Варта адзначыць, што вызначыць канкрэтную колькасць узораў складана, паколькі ў залежнасці ад асаблівасцяў аб’екта, акалічнасцяў і канкрэтнай экспертнай сітуацыі іх аб’ём можа быць розным. Прытым, як правіла, чым меншы запіс (подпіс) для даследавання, тым большая колькасць узораў патрабуецца для правядзення параўнання.

Падрыхтоўка матэрыялаў на экспертызу подпісаў

Адна з асаблівасцяў методыкі даследавання подпісаў ад імя рэальна існуючых асоб палягае ў тым, што яна складаецца з двух этапаў:
  • вырашэнне пытання аб сапраўднасці подпісу, які даследуецца, г. зн. вызначэнне факта выканання яго асобай, ад імя якой ён значыцца;
  • вызначэнне выканаўцы гэтага подпісу ў выпадку яго несапраўднасці.
У якасці параўнальнага матэрыялу абавязкова прадстаўляюцца:
  • узоры подпісу асобы, ад імя якой ён значыцца;
  • узоры подпісаў магчымых выканаўцаў, а таксама іх узоры почырку ў выглядзе запісаў прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, ад імя якой значыцца подпіс, які даследуецца.

Пры атрыманні эксперыментальных узораў подпісу магчымага выканаўцы неабходна прапанаваць яму распісацца за асобу, ад імя якой значыцца подпіс, паводле свайго меркавання.

Падрыхтоўка матэрыялаў шматаб’ектных экспертыз

Матэрыял шматаб’ектнай экспертызы (больш за 10 розных почыркавых аб’ектаў (подпісаў, кароткіх запісаў) для праверкі ці больш за 5 асоб, якія правяраюцца) мэтазгодна разбіць на некалькі меншых па аб’ёме матэрыялаў. У такім разе дакументы для даследавання разбіваюцца на некалькі груп і ў дачыненні да кожнай з іх выносіцца асобная пастанова. Гэта дазволіць скараціць тэрміны экспертнага даследавання.

Дакументы для даследавання можна групіраваць:
  • па асобах, ад імя якіх значацца подпісы, якія даследуюцца, напрыклад, вылучыць у розных дакументах усе подпісы ад імя адной рэальнай асобы;
  • па дакументах для даследавання: аб’яднаць усе подпісы ад імя розных асоб у адной ведамасці ці ў некалькіх;
  • па магчымых выканаўцах, для чаго неабходна дакладна вызначыць кола падазраваных асоб па кожным дакуменце ці групе дакументаў.

Пры прызначэнні шматаб’ектнай экспертызы неабходна асабліва падрабязна і ясна пазначыць назву і рэквізіты дакумента, дакладнае месцазнаходжанне ўзору (графа, радок, парадкавы нумар, а калі дакументы падшыты, то нумар старонкі справы).

Прыкладная колькасць узораў, якія прадстаўляюцца на почырказнаўчай экспертызу:

Від доследнага аб'екта Свабодныя ўзоры Эксперыментальныя ўзоры
Рукапісны тэкст вялікага ці сярэдняга аб'ёму У 5-10 дакументах На 5-10 лістах
Тэкст малога аб'ёму (4-10 слоў), кароткі запіс (1-3 слова) У 15-20 рознахарактарных дакументах У 15-20 лістах па 7-9 запісаў на кожным з даслоўнай перадачай тэксту
Лічбавая запіс У 15-20 розных дакументах, якія змяшчаюць лічбавыя і літарныя запісы На 5-10 лістах у спалучэннях, аналагічных даследуемых запісах і пры неабходнасці са словамі-спадарожнікамі "руб.", "кг", "см", г.д.
Подпісы ад імя існуючых асоб

Подпісы ў колькасці 15-20,

почырку на 3-5 лістах

Подпісы на 5-7 лістах па 7-9 подпісаў на кожным,

почырку у выглядзе прозвішчы, імя, імя па бацьку на 5-7 лістах па 10-15 запісаў на кожным

Подпісы меркаванага выканаўцы ў колькасці 15-20,

почырку на 3-5 лістах

Подпісы меркаванага выканаўцы на 5-10 лістах па 7-9 подпісаў на кожным,

почырку у выглядзе запісу прозвішчы, імя, імя па бацьку асобы, ад імя якога значыцца доследная подпіс, а таксама подпісаў, выкананых ад імя гэтай асобы, на 5-10 лістах па 7-9 запісаў і подпісаў на кожным

Подпісы ад імя неіснуючых асоб

Подпісы меркаванага выканаўцы ў колькасці 15-20,

почырку на 3-5 лістах

Подпісы меркаванага выканаўцы на 5-10 лістах па 7-9 подпісаў на кожным,

почырку у выглядзе розных однословных запісаў, якія змяшчаюць літары, якія ўваходзяць у склад доследнай подпісы, на 5-10 лістах па 7-9 запісаў на кожным

Варта адзначыць, што ў кожным канкрэтным выпадку дастатковасць параўнальных узораў па колькасці і якасці вызначаецца экспертам, зыходзячы са спецыфікі аб’екта і экспертнай сітуацыі, якая складаецца, з прычыны чаго падрыхтоўка матэрыялаў для правядзення канкрэтнай экспертызы можа мець свае асаблівасці.

Тэлефон для сувязі: 8 (017) 308-63-83, 8 (017) 308-63-84, 8 (017) 308-69-27