Адміністрацыйныя працэдуры
Падведамнасць адміністрацыйных працэдур
- Адміністрацыйныя працэдуры ажыццяўляюцца ўпаўнаважаным органам па месцы жыхарства (месцы знаходжання ў выпадках, калі рэгістрацыя па месцы знаходжання з’яўляецца абавязковай) – для грамадзян ці месцы знаходжання – для юрыдычных асоб, за выключэннем калі:
- адміністрацыйныя працэдуры ў дачыненні да нерухомай маёмасці ажыццяўляюцца ўпаўнаважаным органам па месцы знаходжання нерухомай маёмасці;
- заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць быць вызначаны іншыя правілы падведамнасці адміністрацыйных працэдур.
- Заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах паўнамоцтвы па прыёме, падрыхтоўцы да разгляду заяў зацікаўленых асоб і (ці) выдачы адміністрацыйных рашэнняў, прынятых упаўнаважанымі органамі, могуць дэлегавацца іншым дзяржаўным органам, іншым арганізацыям.
Прадстаўніцтва ў адміністрацыйнай працэдуры
- Зацікаўленая асоба можа ўдзельнічаць у ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры асабіста і (ці) праз сваіх прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі.
Асабісты ўдзел зацікаўленай асобы ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры не пазбаўляе яе права мець прадстаўнікоў, роўна як удзел прадстаўнікоў не пазбаўляе зацікаўленую асобу права на асабісты ўдзел у ажыццяўленні такой працэдуры, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі. - Прадстаўнікамі зацікаўленай асобы могуць быць грамадзяне, якія валодаюць грамадзянскай дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме, або юрыдычныя асобы.
Не могуць быць прадстаўнікамі зацікаўленай асобы работнікі ўпаўнаважанага органа, у які звяртаецца зацікаўленая асоба за ажыццяўленнем адміністрацыйнай працэдуры, за выключэннем работнікаў упаўнаважанага органа, якія з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі зацікаўленай асобы. - Прадстаўнікі зацікаўленай асобы пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры могуць здзяйсняць дзеянні, права на ажыццяўленне якіх мае зацікаўленая асоба, у межах перададзеных ім паўнамоцтваў.
- Юрыдычная асоба ўдзельнічае ў адміністрацыйнай працэдуры праз свае органы ці сваіх прадстаўнікоў.
- Прадстаўнікі зацікаўленай асобы ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на падставе акта заканадаўства, або акта ўпаўнаважанага на тое дзяржаўнага органа, або даверанасці, аформленай у парадку, вызначаным грамадзянскім заканадаўствам.
Правы зацікаўленых асоб
Зацікаўленыя асобы маюць права:
- звяртацца з заявамі ва ўпаўнаважаныя органы;
- бясплатна атрымліваць ад упаўнаважаных органаў прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах формы (бланкі) дакументаў, неабходных для звароту за ажыццяўленнем адміністрацыйных працэдур;
- атрымліваць ад упаўнаважаных органаў тлумачэнне сваіх правоў і абавязкаў;
- браць удзел у адміністрацыйных працэдурах асабіста і (ці) праз сваіх прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі;
- знаёміцца з матэрыяламі, звязанымі з разглядам сваіх заяў, рабіць з іх выпіскі, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам аб дзяржаўных сакрэтах, камерцыйнай ці іншай (пад)ахоўнай законам тайне;
- атрымліваць адміністрацыйныя рашэнні або выпіскі з іх;
- адклікаць сваю заяву ў любы час да заканчэння ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры;
- абскардзіць прынятыя адміністрацыйныя рашэнні;
- ажыццяўляць іншыя правы, прадугледжаныя сапраўдным Законам і іншымі актамі заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах.
Абавязкі зацікаўленых асоб
Зацікаўленыя асобы абавязаны:
- ветліва ставіцца да работнікаў упаўнаважаных органаў, не дапускаць нецэнзурных або абразлівых словаў ці выразаў у дачыненні да такіх работнікаў;
- падаваць ва ўпаўнаважаныя органы дакументы і (ці) звесткі, уключаныя ў пералікі дакументаў і (ці) звестак, якія падаюцца зацікаўленымі асобамі, а таксама дакументы, пазначаныя ў абзацах другім – сёмым пункта 2 артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», у выпадку выпатрабавання такіх дакументаў;
- уносіць плату, якая спаганяецца пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур;
- своечасова інфармаваць упаўнаважаныя органы пра змену месца жыхарства, месца знаходжання ў перыяд ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры;
- выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя сапраўдным Законам і іншымі актамі заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах.
Заява зацікаўленай асобы
- Заява зацікаўленай асобы падаецца на беларускай ці рускай мове ў пісьмовай форме, за выключэннем выпадкаў, калі заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дапускаецца зварот з вуснай заявай.
- Пісьмовая заява зацікаўленай асобы можа быць пададзена ва ўпаўнаважаны орган:
- падчас прыёму зацікаўленай асобы;
- нарачным (кур’ерам), па пошце, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам пра адміністрацыйныя працэдуры не патрабуецца асабістая прысутнасць зацікаўленай асобы;
- у выглядзе электроннага дакумента ці шляхам накіравання на адрас электроннай пошты ўпаўнаважанага органа або размяшчэння на афіцыйным сайце ўпаўнаважанага органа ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт – у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама па рашэнні ўпаўнаважанага органа, калі не патрабуецца асабістая прысутнасць зацікаўленай асобы.
- Калі заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах не вызначаны звесткі, якія павінны ўтрымлівацца ў пісьмовай заяве зацікаўленай асобы, у такой заяве пазначаюцца:
- назва ўпаўнаважанага органа, у які падаецца заява;
- звесткі пра зацікаўленую асобу:
- прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства (месца знаходжання) – для грамадзяніна, які не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам;
- прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства, уліковы нумар плацельшчыка, назва дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі, якія ажыццявілі дзяржаўную рэгістрацыю, рэгістрацыйны нумар у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў – для індывідуальнага прадпрымальніка;
- назва і месца знаходжання, назва дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі, якія ажыццявілі дзяржаўную рэгістрацыю, рэгістрацыйны нумар у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў – для юрыдычнай асобы;
- назва адміністрацыйнай працэдуры, за ажыццяўленнем якой звяртаецца зацікаўленая асоба;
- пададзеныя разам з заявай дакументы і (ці) звесткі (пры іх наяўнасці);
- звесткі пра ўнясенне платы, якая спаганяецца пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, з дапамогай выкарыстання аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы – у выпадку ўнясення платы з дапамогай выкарыстання такой сістэмы;
- подпіс грамадзяніна, або подпіс кіраўніка юрыдычнай асобы ці асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць заяву, засведчаны пячаткай юрыдычнай асобы, або подпіс прадстаўніка зацікаўленай асобы (электронны лічбавы подпіс такіх асоб), за выключэннем выпадкаў падачы зацікаўленай асобай заявы шляхам накіравання на адрас электроннай пошты ўпаўнаважанага органа або размяшчэння на афіцыйным сайце ўпаўнаважанага органа ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
- Заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах па асобных адміністрацыйных працэдурах могуць быць прадугледжаны тыпавыя формы (бланкі) заяў зацікаўленых асоб.
Адмова ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы
- Упаўнаважаны орган адмаўляе ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы:
- калі не прадстаўлены дакументы і (ці) звесткі, уключаныя ў пералікі дакументаў і (ці) звестак, якія прадстаўляюцца зацікаўленымі асобамі (за выключэннем выпадку, пазначанага ў частцы трэцяй пункта 1 артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», а таксама дакументы, пазначаныя ў абзацах другім – сёмым пункта 2 артыкула 15 Закона «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», у выпадку выпатрабавання такіх дакументаў;
- у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
- Упаўнаважаны орган можа адмовіць у прыняцці пісьмовай заявы зацікаўленай асобы, калі не выкананы патрабаванні да формы ці зместу такой заявы.
- Упаўнаважаны орган можа адмовіць у прыняцці паўторнай заявы зацікаўленай асобы, у якой не ўтрымліваецца новых звестак, калі ў гэтым органе ёсць адміністрацыйнае рашэнне пра адмову ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры па заяве дадзенай асобы.
- Пра адмову ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы ўпаўнаважаны орган у трохдзённы тэрмін з дня падачы такой заявы прымае адміністрацыйнае рашэнне, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У выпадку адмовы ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы такой асобе вяртаюцца пададзеныя разам з заявай дакументы і (ці) звесткі. - Адмова ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы не перашкаджае паўторнаму звароту з ёй ва ўпаўнаважаны орган пасля выпраўлення хібаў, якія з’явіліся прычынай адмовы.
- Калі разгляд заявы зацікаўленай асобы не адносіцца да кампетэнцыі дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, дадзены дзяржаўны орган, іншая арганізацыя ў трохдзённы тэрмін з дня падачы такой заявы адмаўляюць у прыняцці заявы зацікаўленай асобы з пазначэннем упаўнаважанага органа або самастойна накіроўваюць яе ва ўпаўнаважаны орган з адначасовым паведамленнем пра гэта зацікаўленай асобе.
Адкліканне заявы зацікаўленай асобы
- Зацікаўленая асоба мае права адклікаць сваю заяву ў любы час да заканчэння ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры, пісьмова апавясціўшы пра адкліканне ўпаўнаважаны орган, які разглядае заяву зацікаўленай асобы.
- У выпадку адклікання заявы ўпаўнаважаны орган спыняе яе разгляд па сутнасці і вяртае зацікаўленай асобе арыгіналы пададзеных разам з заявай дакументаў і (ці) звестак.
Віды адміністрацыйных рашэнняў
Пры разглядзе заявы зацікаўленай асобы ўпаўнаважаным органам прымаецца адно з наступных адміністрацыйных рашэнняў:
- пра адмову ў прыняцці заявы зацікаўленай асобы;
- пра ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры;
- пра адмову ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры.
Адмова ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры
Упаўнаважаны орган адмаўляе ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры:
- калі адсутнічаюць прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах падставы для яе ажыццяўлення;
- калі зацікаўленай асобай прадстаўлены дакументы і (ці) звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку фальшывыя, падробленыя ці несапраўдныя дакументы;
- у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Унясенне змен і (ці) дапаўненняў у адміністрацыйнае рашэнне. Выдача дубліката адміністрацыйнага рашэння
- Унясенне змен і (ці) дапаўненняў у адміністрацыйнае рашэнне па заяве зацікаўленай асобы ажыццяўляецца бясплатна ў дзесяцідзённы тэрмін з дня падачы заявы, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Зацікаўленая асоба абавязана вярнуць раней выдадзеныя пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры даведкі ці іншыя дакументы ў выпадку, калі адначасова з унясеннем змен і (ці) дапаўненняў у адміністрацыйнае рашэнне патрабуюцца змена і (ці) дапаўненне (выдача новых) даведак ці іншых дакументаў.
Зацікаўленая асоба вызваляецца ад унясення платы за паслугі (работы), якія аказваюцца пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, пры ўнясенні змен і (ці) дапаўненняў у адміністрацыйнае рашэнне ў сувязі з патрэбай выпраўлення хібаў (недакладнасцяў) (у тым ліку ў выдадзеных даведках ці іншых дакументах (іх дублікатах)), дапушчаных па віне ўпаўнаважаных органаў, іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, калі заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за ўнясенне змен і (ці) дапаўненняў у адміністрацыйнае рашэнне прадугледжана такая плата. - Выдача дубліката адміністрацыйнага рашэння (у выпадку, калі выдача дубліката дапускаецца заканадаўствам) ажыццяўляецца бясплатна ў дзесяцідзённы тэрмін з дня падачы заявы з прыкладаннем арыгінала адміністрацыйнага рашэння, які прыйшоў у непрыдатнасць (пры наяўнасці), калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
- Апавяшчэнне пра прыняцце адміністрацыйнага рашэння пасля ўнясення ў яго змен і (ці) дапаўненняў, аб выдачы дубліката адміністрацыйнага рашэння ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным артыкулам 27 Закона «Аб асновах адміністрацыйных працэдур»..
Парадак абскарджання адміністрацыйнага рашэння
- Зацікаўленая асоба валодае правам на абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку.
- Адміністрацыйная скарга накіроўваецца ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, вышэйстаячыя ў адносінах да ўпаўнаважанага органа, які прыняў адміністрацыйнае рашэнне, або ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, да кампетэнцыі якіх у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адносіцца разгляд такіх скаргаў (далей – орган, які разглядае скаргу).
- Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца пасля абскарджання такога рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку, калі іншы парадак абскарджання не прадугледжаны заканадаўчымі актамі.
У выпадку адсутнасці органа, які разглядае скаргу, адміністрацыйнае рашэнне ўпаўнаважанага органа можа быць абскарджана непасрэдна ў судзе.
Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным ці гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам.
Тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі
- Адміністрацыйная скарга можа быць пададзена ў орган, які разглядае скаргу, на працягу аднаго года з дня прыняцця адміністрацыйнага рашэння, якое абскарджваецца.
- Орган, які разглядае скаргу, мае права аднавіць тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі ў выпадку пропуску такога тэрміну па ўважлівай прычыне (цяжкая хвароба, працяглая камандзіроўка і інш.).
Форма і змест адміністрацыйнай скаргі
Адміністрацыйная скарга падаецца ў пісьмовай форме і ў ёй павінны быць пазначаны:
- назва органа, які разглядае скаргу;
- звесткі пра зацікаўленую асобу (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства (месца знаходжання) – для грамадзян; назва і месца знаходжання – для юрыдычных асоб);
- назва ўпаўнаважанага органа, які прыняў адміністрацыйнае рашэнне, якое абскарджваецца;
- змест адміністрацыйнага рашэння, якое абскардзжваецца;
- падставы, па якіх зацікаўленая асоба лічыць адміністрацыйнае рашэнне, якое абскарджваецца, неправамерным;
- патрабаванні зацікаўленай асобы;
- дакументы і (ці) звесткі (пры іх наяўнасці), якія прадстаўляюцца разам з адміністрацыйнай скаргай;
- подпіс грамадзяніна, або подпіс кіраўніка юрыдычнай асобы ці асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць скаргу, засведчаны пячаткай юрыдычнай асобы, або подпіс прадстаўніка зацікаўленай асобы (электронны лічбавы подпіс такіх асоб).
Пакіданне адміністрацыйнай скаргі без разгляду
- Адміністрацыйная скарга пакідаецца без разгляду ў трохдзённы тэрмін з дня яе падачы ў выпадку, калі:
- разгляд адміністрацыйнай скаргі не адносіцца да кампетэнцыі дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі;
- адміністрацыйная скарга пададзена неўпаўнаважанай асобай;
- адміністрацыйная скарга пададзена па заканчэнні вызначанага тэрміну і не ўтрымлівае хадайніцтва пра аднаўленне прапушчанага тэрміну.
- Адміністрацыйная скарга можа быць пакінута без разгляду ў трохдзённы тэрмін з дня яе падачы ў выпадку, калі не выкананы патрабаванні да зместу адміністрацыйнай скаргі.
- У выпадку пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду зацікаўленай асобе вяртаюцца пададзеныя разам з такой скаргай дакументы і (ці) звесткі.
- Пасля выпраўлення хібаў, якія з’явіліся прычынай пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду, адміністрацыйная скарга можа быць зноў пададзена ў орган, які разглядае скаргу.
Апавяшчэнне пра прынятае рашэнне па адміністрацыйнай скарзе. Уваходжанне ў сілу рашэння па адміністрацыйнай скарзе
- Рашэнне па адміністрацыйнай скарзе выдаецца зацікаўленай асобе або накіроўваецца нарачным (кур’ерам), па пошце, у выглядзе электроннага дакумента ў тэрмін не пазней за пяць дзён з дня прыняцця такога рашэння.
- Рашэнне па адміністрацыйнай скарзе ўваходзіць у сілу з дня яго прыняцця, калі іншы тэрмін не вызначаны ў такім рашэнні.
Пералікі адміністрацыйных працэдур цэнтральнага апарату, а таксама тэрытарыяльных органаў ДКСЭ размешчаны на старонках адпаведных органаў у раздзеле “Структура”.