Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
«Важная задача Дзяржкамітэта - павышэнне аператыўнасці экспертнага суправаджэння праваахоўнай дзейнасці» 1 апреля 2019

У мінулы чацвер, 28 сакавіка, прыём грамадзян па асабістых пытаннях з адначасовым удзелам у рабоце прамой тэлефоннай лініі ў Навагрудку правёў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь генерал-маёр юстыцыі Пётр Васільевіч Урублеўскі.

Разам з ім прыём вялі намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Уладзімір Мікалаевіч Сакаў і галоўны спецыяліст упраўлення каардынацыі службовай дзейнасці ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Іна Іванаўна Наготка.

На прыём запісаўся адзін чалавек, яшчэ адзін звярнуўся па тэлефоне. І хоць пытанні, з якімі звярнуліся навагрудчане, не адносіліся да кампетэнцыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, грамадзянам былі дадзены вычарпальныя адказы і тлумачэнні.

- Адсутнасць зваротаў, якія датычацца дзейнасці экспертаў, сведчыць: нараканняў на работу Навагрудскага міжраённага адзела судовых экспертыз няма. А гэта значыць, што свае службовыя абавязкі супрацоўнікі гэтага падраздзялення выконваюць належным чынам, - сказаў, падводзячы вынікі прыёму, Пётр Васільевіч Урублеўскі.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь – зусім маладая структура, якой у красавіку бягучага года спаўняецца шэсць гадоў.

- З упэўненасцю магу сказаць, што задачы, пастаўленыя перад адзіным экспертным ведамствам кіраўніком дзяржавы, паспяхова выконваюцца, - адзначыў падчас размовы Пётр Васільевіч Урублеўскі. – Праблемы, якія доўгія гады заставаліся нявырашанымі на сістэмным і комплексным узроўні, ухілены. У першую чаргу гэта датычыцца аператыўнасці і якасці правядзення судовых экспертыз, фарміравання навукова-метадычнай і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага забеспячэння экспертных падраздзяленняў.

Характарызуючы пройдзены перыяд, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспетыз прывёў наступныя лічбы. Так, з ліпеня 2013 года па студзень 2019 года праведзена звыш 1,8 мільёна экспертных даследаванняў. У сярэднім у Дзяржкамтэце штомесяц праводзіцца каля 29 тысяч экспертыз і даследаванняў: для падраздзяленняў Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, судоў, грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, іншых органаў і арганізацый.

Важная задача Дзяржкамітэта - павышэнне аператыўнасці экспертнага суправаджэння праваахоўнай дзейнасці. Ужо ў першы год функцыянавання была праведзена вялікая работа па завяршэнні ў самы кароткі тэрмін  нявыкананых за некалькі гадоў экспертыз, а на 1 ліпеня 2013 года іх было  больш за 18 тысяч. Вырашана і праблема доўгіх чэргаў на правядзенне экспертных даследаванняў. Так, калі да стварэння Дзяржкамітэта правядзення такіх экспертыз, як фонаскапічныя, будаўніча-тэхнічныя, эканамічныя, камп’ютарна-тэхнічныя даводзілася чакаць ад 6 масяцаў да 1,5 года, то па стану на 1 студзеня 2019 года 99% пастаноў аб назначэнні судовых экспертыз, якія паступілі ў камітэт, былі выкананы на працягу 30 дзён. Прыкметна павысілася і якасць экспертыз: у параўнанні з 2014 годам колькасць назначаных на 1 студзеня 2019 года паўторных экспертыз скарацілася ў тры разы.

Пётр Урублеўскі адзначыў, што ў краіне створана трохузроўневая сістэма даследавання наркотыкаў. Дзяржкамітэт на толькі праводзіць экспертызы наркатычных рэчываў, але і ажыццяўляе пастаянны маніторынг наркасітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь і краінах бліжняга і дальняга замежжа. З 2014 года ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі ўнутраных спраў і аховы здароўя ўстаноўлены дзяржаўны кантроль над абаротам 165 новых асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў.

За апошнія гады распрацаваны больш за 40 методык для розных накірункаў судовай экспертызы. У прыватнасці, асвоена правядзенне экспертыз ДНК жывёл, запатрабаваных  па справах аб незаконным паляванні, крадзяжах хатняй жывёлы альбо мясапрадуктаў. З 2017 года праводзяцца запатрабаваныя камп’ютарна-тэхнічныя экспертызы і экспертызы ўстройстваў памяці відэарэгістратараў, з 2018 года – судовыя лінгвістычныя і культуралагічныя экспертызы.

- Роля Дзяржкамітэта ва ўмацаванні правапарадку і раскрываемасці злачынстваў, у першыю чаргу цяжкіх і асабліва цяжкіх, узрастае, - лічыць Пётр Васільевіч. Гэта меркаванне ён падмацаваў канкрэтнымі фактамі з крымінальнай практыкі Гродзенскай вобласці. Так, у жніўні 2000 года ў Гродзенскім раёне ў лесе паблізу базы адпачынку «Купалінка» была знойдзена мёртвая дзяўчына са слядамі згвалтавання. Непадалёку людзі бачылі двух мужчын. Праваахоўных органам іх асобы першапачаткова ўстанавіць не ўдалося. Аднак эксперты адабралі біялагічны матэрыял злачынцы. І ў 2017 годзе экспертыза дазволіла выявіць гвалтаўніка і забойцу. Суд прыгаварыў яго да 23 гадоў пазбаўлення волі.

- У 2017 годзе ўведзена новая тэхналогія перадачы слядоў рук для праверкі з выкарыстаннем бесправадных сетак сувязі непасрэдна з месца здарэння, што дазволіла павысіць аператыўнасць расследаванняў, - працягвае намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. – Да прыкладу, у ходзе агляду месца здарэння па факце забойства грамадзянкі А. у г. Гродне 3 студзеня 2017 года адбіткі пальцаў рук былі адпраўлены з выкарастаннем бесправадной сувязі для праверкі па базе дадзеных. Яшчэ да завяршэння агляду месца здарэння быў устаноўлены мяркуемы злачынца – грамадзянін К.. Інфармацыя неадкладна была перададзена супрацоўнікам крымінальнай міліцыі Кастрычніцкага РАУС г. Гродна, К. затрыманы.

Пётр Васільевіч Урублеўскі падкрэсліў, што многае залежыць ад умоў, у якіх працуюць эксперты, і паведаміў, што прыезд у Навагрудак звязаны таксама з аналізам аб’ёму фінансавання, неабходнага для правядзення рамонту ў памяшканні Навагрудскага міжраённага аддзела судовых экспертыз.

Напрыканцы размовы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспетыз даў падрабязную ацэнку рабоце навагрудскіх экспертаў.

- З моманту стварэння Навагрудскага міжраённага аддзела яго ўзначальвала маёр юстыцыі Аксана Турлюк, якая многае зрабіла па стварэнні ўмоў для работы экспертаў, - сказаў Пётр Урублеўскі. – У цяперашні час аддзел узначальвае падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Аўсіенка – адказны кіраўнік і граматны спецыяліст. Усе экспертызы праводзяцца якасна і ва ўстаноўлены 30-дзённы тэрмін. Аб гэтым сведчаць канкрэтныя справы.

Старшы эксперт Навагрудскага міжраённага аддзела Сяргей Навагран у 2017 годзе прымаў удзел у аглядзе дома ў вёсцы Мотча, дзе адбыўся крадзеж маёмасці. У ходзе агляду экспертам былі выяўлены два адбіткі пальцаў рук, якія неадкладна былі накіраваны для зверкі ў аддзел крыміналістычных улікаў абласнога ўпраўлення, дзе было ўстаноўлена супадзенне з адбіткамі пальцаў рук грамадзяніна А. Праведзеная экспертам работа дазволіла аператыўна выявіць і затрымаць злачынцу. І падобны прыклад – не адзінкавы.

- Гродзеншчына – мая малая радзіма, сувязь з якой непарыўная, - празнаўся Пётр Васільевіч Урублеўскі. – Амаль 20 гадоў я праходзіў службу ў якасці пракурора Кастрычніцкага, а затым Ленінскага раёнаў Гродна. Няпросты быў час, многае перажыта, але заўсёды стараўся, выконваючы закон, служыць людзям. Знаходзячыся на Навагрудчыне, мяне перапаўняюць самыя цёплыя пачуцці да ўсіх, хто тут жыве.


В. НАВАГРАН, газета «Новае Жыццё».