Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Дзень судовага эксперта адзначылі ў Магілёве 21 апреля 2022

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня судовага эксперта і 9-й гадавіны ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, адбылося ў Магілёве ў гарадской Ратушы. Удзел у ім прынялі кіраўнікі абласной выканаўчай улады, гарадскога Савета дэпутатаў, праваахоўных органаў, супрацоўнікі і работнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці. Цырымонія прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы.

 


У сваім звароце да супрацоўнікаў, гасцей і ветэранаў начальнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык адзначыў, што праз 9 гадоў ні ў кога няма сумненняў у правільнасці прынятага кіраўніком дзяржавы рашэння аб стварэнні незалежнага экспертнага ведамства. Судовая экспертыза атрымала значнае развіццё і выйшла на новы якасны ўзровень, запатрабаванне ў экспертных даследаваннях з года ў год узрастае. Падкрэсліў, што дасягнуць поспехаў удалося не толькі дзякуючы кіраўнічым рашэнням, але і дзякуючы карпатлівай працы судовых экспертаў, якія на сённяшні дзень з'яўляюцца ўнікальнымі спецыялістамі і прафесіяналамі сваёй справы. Яраслаў Іосіфавіч падзякаваў супрацоўнікам за выдатную працу і пажадаў невычэрпнай цікавасці да сваёй прафесіі і новых дасягненняў.

З прывітальным адрасам і віншаваннямі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама выступіў яго намеснік Сяргей Маслаў: «Экспертыза дазваляе ўстанавіць ісціну на аснове навуковых ведаў і стаіць на варце правоў і свабод чалавека і інтарэсаў грамадства. Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз трывала заняў сваё месца сярод праваахоўных і іншых органаў, якія працуюць на гарантаванне нацыянальнай бяспекі».

Шмат добрых слоў падзякі ў гэты дзень прагучала ў адрас экспертаў ад кіраўнікоў УУС, УСК, КДБ, пракуратуры, КДК, МНС, мытні і іншых службаў. Яны падкрэслівалі, што судовыя эксперты ўносяць значны ўклад у раскрыццё злачынстваў і ўстанаўленне ісціны па розных пытаннях, і ні ў ініцыятараў, ні ў судоў не ўзнікае сумненняў у дакладнасці вывадаў экспертаў упраўлення па Магілёўскай вобласці. У пацвярджэнне сваіх слоў кіраўнікі праваахоўных органаў уручылі супрацоўнікам падзякі, граматы і нагрудныя знакі.


Атрымалі ў гэты дзень свае ўзнагароды супрацоўнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працоўнай дзейнасці, і ад цэнтральнага апарата ДКСЭ, і ад упраўлення па Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, першыя афіцэрскія пагоны начальнік упраўлення ўручыў ва ўрачыстай абстаноўцы маладой супрацоўніцы Бялыніцкага міжраённага аддзела ДКСЭ Кацярыне Суздалёвай.

Скончылася мерапрыемства ўскладаннем яловай гірлянды і кветак з удзелам роты ганаровай варты да вечнага агню на плошчы Славы пад гукі ваеннага аркестра в/ч 6713.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці