Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Новае жыццё пашкоджанаму лесу – супрацоўнікі УДКСЭ па Магілёўскай вобласці высадзілі саджанцы 28 марта 2022

Мінулы працоўны тыдзень супрацоўнікі і работнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці завяршылі не ў звыклай рабочай абстаноўцы, а на свежым паветры ў лесе – высаджваючы саджанцы елкі. Мерапрыемства пад назвай «Сустракаем вясну», прымеркаванае да Года гістарычнай памяці і Міжнароднага дня лесу, адбылося ў лесапаркавай зоне паблізу в. Ракузаўка Магілёўскага раёна.

Больш за 6 тысяч га лясных тэрыторый пацярпела ў Магілёўскай вобласці з-за ўраганнага ветру ў студзені бягучага года. На праблему звярнуў увагу нават Прэзідэнт краіны і паставіў задачу да наступлення цяпла ўбраць пашкоджаныя дрэвы, а на працягу года – пасадзіць новы лес. Таму дапамога грамадскасці ў лесааднаўленні – не перашкодзіць.

Прайшоўшы інструктаж па тэхніцы бяспекі і ахове працы, атрымаўшы інвентар і саджанцы, працоўны дэсант прыняўся за справу. Многія супрацоўнікі ўжо маюць вопыт у пасадцы елак, бо ў акцыях па прымнажэнні ляснога багацця ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці прымае ўдзел штогод. Таму праца ішла зладжана і дружна – як кажуць, талакой.

– Кожны раз супрацоўнікі і работнікі ўпраўлення з радасцю адгукаюцца на прапанову паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Гэта не толькі дапамога працаўнікам лясгасаў у аднаўленні і прымнажэнні ляснога багацця нашай краіны – што з'яўляецца галоўнай мэтай, – але і атрыманне дадатковых бонусаў у выглядзе згуртавання службовых калектываў, зарада выдатнага настрою і пазітыву. Садзейнічала нашаму мерапрыемству нават надвор'е – падарыла нам цёплы сонечны дзень, які пакіне прыемныя ўспаміны ў памяці кожнага ўдзельніка, – адзначыў начальнік аддзела кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Юрый Кунічнікаў.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці