Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Званне "Лепшы па прафесіі" атрымаў медыцынскі судовы эксперт з Магілёва Альберт Рынейскі 16 февраля 2022

Дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Альберт Рынейскі стаў пераможцам спаборніцтва за званне "Лепшы па прафесіі" сярод праваахоўных органаў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ленінскага раёна г.Магілёва за 2021 год.

Раённае спаборніцтва "Лепшы па прафесіі" праводзіцца адміністрацыяй Ленінскага раёна г.Магілёва штогод. Кандыдатаў разглядае раённая камісія з улікам іх дасягненняў у працы за мінулы год, працоўнага стажу і іншых паказчыкаў. Спіс пераможцаў спаборніцтва зацвярджаецца рашэннем адміністрацыі раёна. Узнагароджваюцца прадстаўнікі розных сфер: адукацыя, прамысловасць, гандаль, будаўніцтва і г.д. На гэты раз упершыню з'явілася асобная намінацыя для супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Альберт Рынейскі атрымаў дыплом пераможца з рук кіраўніка адміністрацыі Ленінскага района г.Магілёва Аляксея Багайчука.

Альберту Рынейскаму 31 год, працуе экспертам больш за 6 гадоў. У медыцыну яго прывяло жаданне дапамагаць людзям, лячыць – з такімі намерамі юнак паступіў у Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Падчас навучання, ужо на пятым курсе, студэнтам выкладалі дысцыпліну "судовая медыцына". Пасля знаёмства з ёй не толькі ў тэорыі, але і на практыцы Альберт зацікавіўся працай у экспертызе і прыняў рашэнне стаць экспертам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Аднак атрымаць вышэйшую медыцынскую адукацыю для гэтага аказалася недастаткова – пасля заканчэння ВНУ яшчэ на працягу года праходзіў навучанне ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пасля чаго Альберт Уладзіміравіч прыступіў да працы ва ўпраўленні судова-медыцынскіх экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, дзе ўжо старэйшыя калегі, як кажа ён сам, «кавалі з мяне эксперта».

Для калег ён прыклад не толькі мэтанакіраванасці, адказнасці і вытрымкі, але і адносін да здаровага ладу жыцця. Эксперт прымае ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, з'яўляецца членам зборнай каманды ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці па шахматах. У 2021 годзе заняў першае месца ў асабістым заліку чэмпіянату па шахматах Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ "Дынама".

Сваёй перамогай у спаборніцтвах “Лепшы па прафесіі”, прызнаецца Альберт Рынейскі, абавязаны калектыву ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз: без дапамогі калег ён бы не стаў прафесіяналам сваёй справы.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці