Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
“За вамі – будучыня!” Яраслаў Федарынчык уручыў дзецям супрацоўнікаў першыя пашпарты 15 марта 2024

Асноўны Закон краіны, дзяржаўнасць, патрыятызм і любоў да Радзімы, наша будучыня – сталі тэмамі традыцыйнай сустрэчы начальніка ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Яраслава Федарынчыка з 14-гадовымі дзецьмі супрацоўнікаў і работнікаў, якая адбылася ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асаблівую знамянальнасць мерапрыемству надала юбілейная дата – сёння, 15 сакавіка 2024 года, адзначаецца 30-я гадавіна з дня прыняцця беларускай Канстытуцыі.

Адкрываючы мерапрыемства, палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык адзначыў, што вельмі любіць выступаць у маладых калектывах і размаўляць з моладдзю, абмяркоўваць з імі сучасныя рэаліі, пазнаваць іх і дзяліцца ўласным бачаннем бягучых і гістарычных падзей. Віншуючы супрацоўнікаў, работнікаў упраўлення і іх дзяцей з дзяржаўным святам, Яраслаў Іосіфавіч падкрэсліў:

– Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гэта той дакумент, у якім закладзены асновы нашага жыцця, які ўвабраў у сябе трагічныя падзеі, перажытыя нашымі продкамі. Сёння гэта дакумент, які ўсяляе ў людзей упэўненасць у тым, што калі мы будзем таксама служыць і аддавацца сваёй справе і любіць Радзіму, то і далей будзем жыць у мірнай квітнеючай шчаслівай і вельмі прыгожай краіне. Памятайце, што ў нас выдатная гісторыя, а быць беларусам, грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта вельмі годна і ганарліва. Упэўнены, што калі кожны з вас будзе так жыць, як вашыя бацькі – бярыце з іх прыклад, – то ў нашай краіне будзе парадак. За вамі – будучыня.

Яраслаў Федарынчык пажадаў школьнікам быць патрыётамі – гэта значыць любіць Радзіму, паважаць бацькоў, развівацца, быць культурнымі, адукаванымі і законапаслухмянымі грамадзянамі.

Працягнулася сустрэча за круглым сталом размовамі на асабістыя тэмы: вучоба, любімыя школьныя прадметы, захапленні, дасягненні. Закранулі і прафесійную дзейнасць бацькоў. Спачатку кіраўнік пацікавіўся ў дзяцей, што яны ведаюць пра рабочыя будні сваіх тат і мам, а затым дапоўніў іх адказы, падкрэсліўшы, што іх бацькі выконваюць вельмі важную і адказную працу, дастойна нясуць афiцэрскую службу, з'яўляюцца прафесійнымі і ўнікальнымі спецыялістамі. Гэтыя словы выклікалі гонар і захапленне ў дзіцячых вачах!

Завяршылася мерапрыемства на ўрачыстай ноце – начальнік упраўлення Яраслаў Федарынчык уручыў 14-гадовым дзяўчатам іх першы самы галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама друкаванае выданне Канстытуцыі і падарунак з беларускай сімволікай.

 


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці