Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Супрацоўнікі УДКСЭ па Магілёўскай вобласці наведалі трагічна вядомую вёску Боркі 23 марта 2022

У 79-ю гадавіну трагедыі ў Хатыні супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці і Бабруйскага міжраённага аддзела ўшанавалі памяць суайчыннікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у мемарыяльным комплексе “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.

Для супрацоўнікаў праведзена экскурсія па мемарыяле з наведваннем у тым ліку капліцы ў гонар іконы Божай Маці "Спагнанне загінуўшых" і сельскага клуба-музея. Экскурсавод у падрабязнасцях расказала трагічную гісторыю вёскі Боркі і прылеглых да яе шасці пасёлкаў, якія, дарэчы, так і не аднавіліся пасля вайны.

Вёска Боркі вядомая як старэйшая сястра Хатыні – тут адбылася адна з самых маштабных карных акцый супраць мірнага насельніцтва падчас ВАВ. З-за партызанскай дыверсіі на шашы Бабруйск-Магілёў 15 чэрвеня 1942 года карны атрад Оскара Паўля Дзірлевангера зладзіў тут жахлівую па жорсткасці і маштабе акцыю запалохвання. Мірных жыхароў па-зверску забівалі цэлымі сем'ямі: стралялі, спальвалі, дзяцей, эканомячы патроны, калолі штыкамі і жывых кідалі ў калодзеж. За адзін дзень у вёсцы Боркі і прылеглых пасёлках яны знішчылі 2027 чалавек, выратавалася – не больш за 30. Цяпер іх успаміны, а таксама назвы спаленых вёсак і прозвішчы загінуўшых, напісаны на сценах у мемарыяльным комплексе, які ў чэрвені 2020 года зноўку адкрылі ў Борках. Дарэчы, нягледзячы ні на што вёска, хоць і невялікая, працягвае жыць, нібы хоча даказаць усяму свету: мы хочам жыць, мы маем права жыць і мы будзем жыць. Хоць і з вялікім болем у сэрцы...

У мемарыяльным комплексе некалькі скульптурных аб'ектаў, звязаных паміж сабой архітэктурна і па сэнсе. Першая кампазіцыя – “Беларусь – тужлівая маці”. Апусціўшы горка галаву, яна смуткуе ў руінах сваёй хаты ў пустой калысцы – яе пазбавілі дзяцей і будучыні. Далей крочым па “Вуліцы”, дзе замест жылых дамоў – толькі фрагменты сцен, якія захоўваюць жахлівыя ўспаміны мірных жыхароў, якім пашчасціла выжыць. Кампазіцыя “Полымя” сімвалізуе хлеў, у якім страшнай смерцю загінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці. Далей – не менш драматычны чорны, поўны слёз калодзеж, і нарэшце – камень з пасланнем нам, нашчадкам, ад жыхароў вёскі Боркі: “…Мы так не хацелі паміраць! Помніце пра нас. Зрабіце ўсё, што мы не паспелі і на стагоддзі наперад раскажыце ўсім: няма нічога страшнейшага за вайну. Забыццё можа выклікаць новую трагедыю”.


Супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу, наведалі клуб-музей, дзе праглядзелі відэаматэрыялы аб трагедыі, і паставілі ў капліцы свечы за нявінна загінуўшых.

…Пра Боркі кажуць: “Тут павінен пабываць кожны”. Сапраўды, гэтае святое месца, якое пакідае вельмі моцнае ўражанне і нагадвае тое, чаго нельга больш дапусціць.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці