Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія 19 октября 2021

Банда рабаўнікоў, што «працавала» па ўсёй Беларусі, «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады, якой злодзеі адчынялі замкі ў памяшканнях, што абкрадалі. А забойцу дзвюх дзяўчын, які намагаўся даказаць, што гэта была самаабарона і гэта яны нападалі на яго з малатком, выдалі сляды таго самага малатка. Яны паказалі, што менавіта мужчына грукаў у дзверы пакоя звонку, каб дабрацца да ахвяр, а па яго тэорыі адбіткі павінны былі застацца ўнутры памяшкання. Такія доказы віны па следзе, які, дарэчы, можа быць пакінуты чым заўгодна, збіраюцца дзякуючы судовай трасалагічнай экспертызе. Што гэта такое і як выконваецца, расказаў Яўген ПЫРХ, дзяржаўны судовы эксперт Мінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Увагнутасці і драпіны «апішуць» узлом

Трасалогія — навука аб слядах — матэрыяльным адлюстраванні таго, што мае дачыненне да чалавека і яго наваколля. Гэта, пэўна, самы аб'ёмны аддзел крыміналістычнай навукі, які ўключае ў сябе некалькі раздзелаў судовых трасалагічных экспертыз. І задача судовага эксперта — зафіксаваць карціну на месцы здарэння і сабраць сляды, аб'екты ці рэчавыя доказы, якія маюць дачыненне да злачынства. Спосабы фіксавання і наступнай ідэнтыфікацыі адрозніваюцца, але штораз гэта доўгі карпатлівы працэс, расказаў эксперт.

На месцы крадзяжу ці пашкоджання маёмасці амаль заўжды можна знайсці сляды, пакінутыя прыладамі ўзлому. Пранікаючы праз акно ці дзверы, ускрываючы сейф, злодзей можа пакінуць на іх след свайго «ключа». Затрымаўшы чалавека, які, на думку следства, можа мець дачыненне да злачынства, пачынаецца судовая экспертыза, каб ідэнтыфікаваць, ці мог знойдзены след узлому быць пакінуты прадметам, які належыць меркаванаму злодзею.

— Першапачаткова даследуецца сам след, ці прыгодны ён для параўнання, а потым яго ўжо параўноўваюць з прыладай, знойдзенай у чалавека, — кажа эксперт. — Робіцца візуальнае параўнанне па форме і размерных характарыстыках. Калі гэтыя паказчыкі супадаюць, то пачынаецца экспертны эксперымент. Ён залежыць ад таго, дынамічны гэта след ці статычны. Судовы эксперт павінен максімальна дакладна ўзнавіць механізм следастварэння, які быў на месцы здарэння.

Даследуючы дынамічны след (фактычна, гэта драпіна), які застаецца на больш цвёрдай паверхні, судовы эксперт бярэ, напрыклад, свінцовую пласціну і драпае ёй паверхню, каб пакінуць след. Пасля пад мікраскопам ён параўноўвае пакінуты злодзеем след і той, што атрыманы эксперыментальным шляхам. Разоры драпін могуць адрознівацца па глыбіні, форме, шырыні. Аднак калі меркаваная прылада ўзлому вызначана правільна, то пры супастаўленні пад мікраскопам драпіна, пакінутая судовым экспертам, будзе працягам следу драпіны, пакінутай на месцы здарэння. Яны абедзве будуць складвацца ў трасу і быць нібыта працягам адна адной, растлумачыў Яўген Пырх:

— Прыладай узлому можа быць усё што заўгодна. Як спецыяльныя прыстасаванні, так і звычайны лом.

Абутак і шыны «раскажуць», дзе быў

Сына, што забіў бацьку і вывез у поле, каб спаліць, «здаў» след машыны, на якой ён перавозіў труп. На восях стаялі шыны розных вытворцаў, таму ўдалося ідэнтыфікаваць злачынцу па рысунку пратэктара. А паколькі спальваў ён цела ў антрэсолі, то па яе фрагментах з месца здарэння ўдалося даказаць, што яна была адным цэлым з шафай, якая стаяла ў хаце забойцы, падзяліўся гісторыяй судовы эксперт.

— Да падэшвы абутку прыліпае пыл ці іншы бруд з месца здарэння, які пасля выкрывае, дзе быў чалавек. Або наадварот, той прынясе яго з сабою ў памяшканне і натопча. Даследуючы след, судовы эксперт робіць эксперыментальныя адбіткі для параўнання з арыгіналам. Любы абутак падчас нашэння набывае характэрныя меткі, якія залежаць ад манеры хады яго гаспадара і нейкіх прыдбаных пашкоджанняў, якія дазваляюць пасля дакладна ідэнтыфікаваць пэўную пару абутку з пакінутым ёю адбіткам, — удакладніў Яўген Пырх.

Зачэпку для пошуку меркаванага злачынцы можа даць глыбіня следу — калі яго памер не адпавядае вазе носьбіта, значыць чалавек нешта нёс на сабе. А па ланцужку слядоў можна ўявіць, што іх гаспадар касалапы ці кульгае. Часта сляды абутку застаюцца і на машынах, на якіх спаганяюць злосць. А ў грамадзянскіх працэсах, здаралася, «прыносілі адбіткі» і на ўласным целе, атрымаўшы выспятка, каб паскардзіцца на сваю другую палавіну. Механізм даследавання следу ад аўто і магчымасці яго пошуку такія ж.
Адбітак шыны раскажа пра ступень яе зношанасці, наяўнасць пашкоджанняў, від машыны (легкавая, грузавая) і іншае, распавёў судовы эксперт.

Аскепкі, кавалкі, крупінкі збяруцца ў адно цэлае

Аднаўленне цэлага па частках у судовай трасалагічнай экспертызе часта робіцца пасля ДТЗ. Механізм складання слядоў на месцы аварый вельмі складаны і аб'ёмны. Даследаванне тут праводзіцца комплексна, у звязцы з іншымі судовымі экспертамі: тэхнічнымі і судова-медыцынскімі. Што датычыцца судовай трасалагічнай экспертызы, яна займаецца слядамі, якія застаюцца на месцы здарэння: аскепкі фары, фрагменты бампера, крупінкі лакафарбавага пакрыцця, па якіх можна вызначыць машыну. Падчас судовай экспертызы высвятляецца, ці складалі гэтыя часткі адно цэлае з бамперам ці фарай на аўто, якое, мяркуецца, вінаватае ў здарэнні. Калі пазл складваецца — значыць, гэта яна, заўважыў Яўген Пырх.

Шмат расказаць пра ДТЗ можа і адзенне пацярпелых. Яно здольнае зачапіцца за аўто пры сутыкненні або слізгануць па паверхні машыны. Верхні слой адзення можа нават аплавіцца, бо за кароткі прамежак часу пры аварыі на яго ўздзейнічае значная сіла трэння і ціску. Быў выпадак, калі на куртцы
застаўся аплаўлены след ад рэменя бяспекі, настолькі моцна чалавека тузанула пры сутыкненні. А калі на пешахода наляціць аўто, якое нясецца на хуткасці больш за 70 кіламетраў у гадзіну, то ў выніку пацярпелы проста «разуецца»: абутак адляціць у адзін бок, цела — у другі. Шанцы выжыць пры гэтым практычна нулявыя, нагадаў спецыяліст.

Карціна «намалюецца» адзеннем

Рысунак ад адзення, які застаецца як след на нейкім прадмеце на месцы крадзяжу, можа «расказаць», з якога матэрыялу выраблены прадмет адзення. Тканіна пакіне «карціну» ў выглядзе перапляцення квадрацікаў, а вязаныя рэчы «пакажуць» зусім іншы малюнак. У скураных вырабаў адбітак адрозніваецца ў залежнасці ад таго, з якой скуры зроблена адзенне. Дзякуючы гэтым адбіткам можна даць органам дазнання інфармацыю, каб звузіць кола пошукаў, апісаў Яўген Пырх:

— Адзенне, якое было на бандыце ў момант злачынства, можа мець пэўныя заводскія пашкоджанні ці сляды рамонту. Гэтыя меткі дапамагаюць устанавіць следаўтваральны прадмет — адзенне. Напрыклад, злачынец быў у тканых пальчатках, якія ён зацыраваў. Па такой метцы следу можна знайсці пальчатку, якой той быў пакінуты. Нават тонкія медыцынскія пальчаткі не бываюць абсалютна гладкія, а маюць пэўную структуру паверхні. У зоне пальцаў, напрыклад, каб больш зручна было трымацца, яны могуць мець пэўны
рэльеф, так што верагоднасць пакінуць след вялікая. Наслядзіць увогуле можна любым адзеннем: курткай, шапкай, штанамі — часам дастаткова дакрануцца імі да паверхні сцяны, паліцы.


Па матэрыялах газеты «Звязда»