На Гомельшчыне праходзіць рэспубліканскі суботнік. Жыхары паўднёва-ўсходняга рэгіёна рупліва шчыруюць на сваіх працоўных месцах, а таксама добраўпарадкуюць аб’екты гісторыка-культурных каштоўнасцей і мемарыяльных комплексаў. Судовыя эксперты абралі экалагічны кірунак.
Штогод увесну лясгасы вобласці збіраюць талаку, каб разам зберагчы зялёнае багацце краіны. Гэтымі днямі дабрачынная акцыя «Лес! Дабро! Парадак!» ізноў аб’яднала дзясяткі тысяч неабыякавых беларусаў.
Сёлета Гомельшчына не мае вялікай патрэбы ў аднаўленні лясоў. На парадку дня – ачыстка лесапалос ад смецця. Пасля зімы паўсюдна ўздоўж аўтамабілтных дарог можна заўважыць сляды жыццядзейнасці чалавека ў выглядзе шкла, пластыка, будаўнічага смецця і нават старой мэблі. Лесу такі ўбор не пасуе. Таму супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз ва ўсіх куточках Гомельскай вобласці ўзяліся за работу.Адным з першых у рэйд выйшаў калектыў Светлагорскага міжраённага аддзела ДКСЭ. Дапамаглі прыродзе і справай, і словам: паўшчувалі ў нядбайным стаўленні да прыроды землякоў, якія трапіліся ім у лесе, і прыбралі раскіданае вакол смецце.
– Дзякуючы такім ініцыятывам мы можам з асалодай назіраць за прыродай у яе некранутай прыгажосці, – выказаў меракаванне намеснік начальніка Светлагорскага МРА Аляксандр Вежнавец. – Добраахвотнікі, якія прымаюць удзел у ачыстцы лесу ад смецця, заслугоўваюць асобнай пашаны.Эстафету па навядзенні парадку ў светлагорцаў перахапілі мазыране. Калектыў міжраённага аддзела накіраваўся ў вёску Нараўчызна. У лесе паблізу населенага пункта знайшлі некалькі несанкцыянаваных звалак. Крыху намаганняў, і стыхійныя сметнікі персталі існаваць.
– Прыкра, што людзі настолькі спажывецкі адносяцца да прыроды і дазваляюць сабе выкідваць непатрэбныя рэчы ў лес. Спадзяюся, што сваім прыкладам мы навучым іх быць больш абачлівымі. Безумоўна, спатрэбіцца шмат часу, але я веру, што дабро атрымае верх, – падзяліўся думкамі начальнік Мазырскага МРА Дзяніс Пільчанка.У Чачэрскім раёне дапамога спатрэбілася каля вёскі Турышчэвічы. Тут, на ўзбярэжжы ракі Сож, ёсць невялікая зона для адпачынку. Толькі не ўсе адпачываючыя прывыклі за сабой прыбіраць. Таму леснікі звярнуліся да судовых экспертаў.На Кармяншчыне працавалі каля вёскі Воранаўка. Разам з бытавым прыбралі і расліннае смецце. Эстэтыка павінна быць у кожным куточку малой радзімы, палічылі эксперты.У ваколіцах Жыткавічаў работа для добраахвотнікаў таксама знайшлася.
– Мы з вялікай ахвотай выйшлі на дапамогу мясцоваму лясгасу, – адзначыў начальнік Жыткавіцкага МРА Дзяніс Цішкевіч. – Адным з брэндаў Беларусі з’яўляецца чысціня на вуліцах гарадоў і вёсак і ў экасістэме. І гэты імідж неабходна падтрымліваць кожнаму беларусу.У Жлобінскім раёне судовым экспертам прапанавалі пасадзіць лес. 2000 саджанцаў сасны звычайнай, некалькі гадзін плённай працы – і замест былой вырубкі ў Салонскім лясніцтве з’явіўся новы лес.
– Я не першы раз бяру ўдзел у пасадцы лесу, але толькі сёлета атрымала ад працэсу сапраўдную асалоду, – падзялілася ўражаннямі дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Жлобінскага МРА Надзея Філончык. – Я пераканана, што сёння мы зрабілі вялікую справу на карысць будучым пакаленням.У ваколіцах Ратамкі Рагачоўскага раёна высадзіўся дэсант упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці. Больш як два дзясяткі экспертаў на чале з начальнікам абласнога ўпраўлення Паўлам Бакшанскім узялі ў рукі мячы Колесава і саджанцы сасны.
– Ужо праз сем гадоў на гэтым месцы будзе добра бачны малады лес, а праз гадоў 10–15 бор зашуміць ва ўсю моц, – акінуў вокам вынік працы Павел Бакшанскі. – Аднаўленне лесу – гэта частка эканомікі, памурак нашай будучыні. І ў нашых руках зрабіць яго надзейным. Тым больш, што і надвор’е, і настрой людзей гэтаму пасуюць.І пакуль адна частка калектыву шчыравала ў лесе, іншыя рупліва працавалі каля адміністрацыйных будынкаў экспертнага ведамства. Судовыя эксперты ўносілі апошнія штрыхі ў добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі: фарбавалі бардзюры, бялілі дрэвы, займаліся азеляненнем. А таксама прыбіралі месцы баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны. Праз тры тыдні Беларусь будзе святкаваць адно з галоўных свят – Дзень Вялікай Перамогі, і такія аб’екты павінны мець бездакорны выгляд.
На надзейную будучыню, якая немагчыма без захавання гістарычнай памяці, накіруюць і сродкі, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка. У красавіку мінулага года распачалося будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея – пяціпавярховага будынка ў выглядзе контура Беларусі з 12 заламі. У ім прадугледжаны інтэракетыўныя зоны і мультымедыйныя інсталяцыі. Наведвальнікам раскажуць гісторыю краіны ад Полацкага княства і свяшчэннага подзвіга ў гады Вялікай Айчыннай вайны да трыумфаў сучаснай Беларусі. Будынак на 75–80 % гатовы. Час думаць аб стварэнні пастаяннай экспазіцыі. І тут добрую справу зрабіў кожны, хто далучыўся да рэспубліканскага суботніка, у тым ліку і судовыя эксперты.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці