Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці адбыўся адзіны дзень інфармавання. Тэмай сустрэчы сталі сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў – ад эканомікі да сацыяльнай інфраструктуры. Галоўны спікер, запрошаны для ўдзелу ў мерапрыемстве, – дэпутат Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксей Сомаў.Перад тым як перайсці да асноўнай тэмы, Аляксей Ігаравіч парушыў традыцыйны рэгламент і пачаў сустрэчу са знаёмства, расказаўшы пра дзейнасць дэпутацкага корпуса. Ён патлумачыў, што 40 дэпутатаў гарадскога Савета прадстаўляюць розныя тэрыторыі Гомеля, і іх работа – не толькі ўдзел у сесіях і галасаванне, але і штодзённая камунікацыя са службамі горада, вырашэнне практычных пытанняў выбаршчыкаў.
– Асноўная задача – дапамагаць грамадзянам, – адзначыў дэпутат. – Гэта і садзейнічанне ў працаўладкаванні, і падтрымка спартсменаў, і, безумоўна, «камуналка». Ёсць пытанні, якія мы можам вырашыць адразу, а ёсць тыя, дзе патрэбен час і сродкі.Пасля жывога дыялогу з калектывам, дзе гучалі пытанні аб стане дарог, развіцці спартыўнай інфраструктуры і перспектывах будаўніцтва новых аб'ектаў (такіх як аквапарк ці Усходні абход), удзельнікі перайшлі да асноўнай тэмы інфармавання – развіцця рэгіёнаў.Аляксей Сомаў падкрэсліў, што моцныя рэгіёны з'яўляюцца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ўжо другое пяцігоддзе. Галоўная мэта – стварыць умовы, каб тэрыторыі за межамі Мінска і абласных цэнтраў сталі прывабнымі для жыцця і працы, каб вясковы лад жыцця стаў папулярным.
Нягледзячы на сусветныя тэндэнцыі ўрбанізацыі, у Беларусі захоўваецца курс на развіццё вёскі.
– Калі не будзе вёскі, дзяржава існаваць не зможа, – нагадаў дэпутат словы Кіраўніка дзяржавы.
Сёння мы бачым рост валавога рэгіянальнага прадукту ва ўсіх абласцях, рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Гэты падыход дазволіў стварыць тысячы новых працоўных месцаў і запусціць вытворчасці нават у невялікіх раёнах.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю медыцыны і адукацыі. Аляксей Сомаў расказаў аб працы міжраённых цэнтраў, перасоўных фельчарска-акушэрскіх пунктаў, абнаўленні аўтапарку хуткай дапамогі. У сферы адукацыі таксама ёсць добрыя набыткі. Беларусь уваходзіць у сусветныя рэйтынгі па якасці базавай адукацыі і займае 40-е месца ў Індэксе ўзроўню адукацыі ПРААН.
Адным з галоўных прыярытэтаў новай пяцігодкі дэпутат назваў будаўніцтва арэнднага жылля – каля 5 млн кв. м. Гэта інструмент для замацавання кадраў на месцах і развіцця рэгіёнаў. Акрамя таго, ужо да канца 2026 года стаіць задача забяспечыць 100% кароткіх маршрутаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў дарогамі з удасканаленым пакрыццём.Падводзячы вынік, Аляксей Сомаў падкрэсліў, што развіццё рэгіёнаў – адзін з сямі прыярытэтаў Программы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. Ён нагадаў словы Прэзідэнта аб тым, што якасны рост дабрабыту павінен забяспечвацца эфектыўнай працай, дысцыплінай і адказнасцю кожнага.
– Ад перспектыў развіцця кожнага кутка нашай Гомельшчыны і ўсёй Беларусі залежыць, наколькі моцнай і квітнеючай будзе наша дзяржава, – рэзюмаваў дэпутат, заклікаючы прысутных да сумеснай працы на карысць роднага горада і краіны.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці