У 2022 годзе споўнілася 140 год са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Народны паэт Купала (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч) жыў на дачы каля вёскі Ляўкі Аршанскага раёна з чэрвеня 1935 па чэрвень 1941 года. У 1945 годзе тут створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня, супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці наведалі запаведнік “Ляўкі” з экскурсіяй, каб яшчэ раз успомніць радкі твораў знакамітага песняра беларускай зямлі і прайсці яго тропамі.


Спачатку нас сустрэў будынак былой канторы Копыскага лясніцтва, дзе паэт жыў, пакуль для яго будавалі дачу – падарунак урада да 30-годдзя творчай дзейнасці.Тут, у былым доме ляснічага, паглядзелі літаратурна-дакументальную экспазіцыю музея: кнігі паэта і драматурга, яго рукапісы, старонкі газет, фотакарткі, лісты. Скразной тэмай экспазіцыі стала ўвасабленне вобраза “госця”, разгорнутага ў аднайменным вершы ляўкоўскага цыкла. Паэт прыехаў госцем у гэтыя мясціны і сам тут прымаў гасцей. Ён так уразіўся сустрэчай з мясцовымі жыхарамі, што на наступны дзень у паэта нарадзіўся верш “Госці”. Дарэчы, ляўкоўскі перыяд творчасці Янкі Купалы лічыцца вельмі плённым і параўноўваецца з Болдзінскай восенню Пушкіна.



Сама дача Купалы адбудавана нанова ў 1982 годзе – яе будынак згарэў падчас Вялікай Айчыннай вайны. На шчасце, захаваліся і некаторыя асабістыя рэчы песняра. Акрамя таго, у склад мемарыяльнага комплексу ўваходзіць домік шафёра, гаспадарчыя пабудовы, помнік “Восень паэта” і гараж, у якім усе з вялікай цікавасцю разгледзелі аўтамабіль “Шэўрале”, падараваны літаратару ўрадам БССР у 1939 г.
Па доўгай драўлянай лесвіцы спусціліся на бераг Дняпра – прыгожыя мясціны. У іх, а таксама ў людзях і чэрпаў творчае натхненне Янка Купала.
Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці