Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Судовыя эксперты Гомельшчыны далучыліся да святочных мерапрыемстваў у Дзень народнага адзінства 17 сентября 2026

Судовыя эксперты Гомельскай вобласці разам з тысячамі жыхароў рэгіёна прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Цэнтральнымі падзеямі сталі маштабныя велапрабегі ў абласным цэнтры і Мазыры, а таксама шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у раёнах.

У Гомелі велапрабег «У адзінстве – сіла!» сабраў каля трох тысяч удзельнікаў. Велакалона стартавала са сквера Дружбы і праехала па цэнтральных вуліцах горада, фінішаваўшы каля Палаца водных відаў спорту. У складзе калоны пад дзяржаўным сцягам праехалі прадстаўнікі розных прафесій – ад рабочых да студэнтаў і школьнікаў.

Разам з землякамі ў велапрабегу ўдзельнічалі судовыя эксперты ўпраўлення па Гомельскай вобласці.

– Гэта ўжо стала добрай традыцыяй – у гэты дзень быць разам са сваімі калегамі і тысячамі гамяльчан. Калі едзеш у адзінай калоне пад дзяржаўным сцягам, адчуваеш сапраўдную гордасць за сваю краіну і свой горад. Гэта нематэрыяльнае адзінства – тое, што нас аб'ядноўвае, – падзяліўся сваімі ўражаннямі галоўны эксперт аддзела крыміналістычных экспертыз Канстанцін Пячора.
– Мы – адна каманда не толькі на працы, але і ў такія святочныя дні. Вельмі прыемна бачыць столькі людзей рознага ўзросту і прафесій, аб'яднаных агульнай мэтай. Гэта натхняе і дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – дадала фельдшар-лабарант аддзела судова-біялагічных экспертыз Аксана Говар.

Многія гамяльчане прыйшлі на велапрабег сем'ямі. Старшы эксперт аддзела крыміналістычных экспертыз Арцём Сінчанка ў тым ліку. На спартыўнай дыстанцыі яго падтрымаў сын Сяргей.

– Мы ў сям'і актыўна займаемся спортам: летам – веласіпед, зімой – канькі і лыжы. І сённяшняе свята – гэта яшчэ адна добрая нагода правесці час разам, – патлумачыў бацька.

Не засталіся ў баку і судовыя эксперты Мазырскага міжраённага аддзела ДКСЭ. У Мазыры велапрабег таксама стаў адной з цэнтральных падзей свята. Маршрут пралягаў па цэнтральных вуліцах горада, у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь і грамадскія актывісты.

– Мы сёння тут не проста як удзельнікі спартыўнага мерапрыемства. Гэта магчымасць яшчэ раз адчуць сябе часткай вялікай краіны, убачыць сваіх калег і жыхароў горада разам. Да таго ж гэта нагода задумацца пра тое, што нас аб'ядноўвае, і пра тое, што мы гатовы будаваць і абараняць разам, – выказаў думку калектыва начальнік сектара спецыяльных і тэхнічных экспертыз Андрэй Бекарэвіч.

У Светлагорскім МРА цыкл мерапрыемстваў уключыў сустрэчу з прадстаўніком раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргеем Сцепуком, фотавыставу «Радзіма – гэта мы!», а таксама прагляд відэароліка пра гісторыю ўзнікнення свята.

– Веданне гісторыі і разуменне значнасці Дня народнага адзінства спрыяе фарміраванню паважлівых адносін да культурнай і гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы, – патлумачыў канцэпцыю відэазамалёўкі яе аўтар, начальнік экспертна-крыміналістычнага сектара Андрэй Марчанка.

Гэтую думку працягнуў і Сяргей Сцяпук. Размова з госцем ішла аб адзінстве беларускага народа як сімвале міру, стабільнасці і развіцця.

– У гэты дзень асабліва важна памятаць пра тое, як шмат значыць адзінства для кожнага з нас: у сям'і, на працы, у грамадстве, – звярнуў увагу судовых экспертаў выступоўца.

Асобнай увагі заслугоўвае фотавыстава, што ўпрыгожыла памяшканне аддзела. Галоўная асаблівасць экспазіцыі – яна створана з асабістых фотаздымкаў супрацоўнікаў і работнікаў грамадзянскага персаналу, зробленых падчас падарожжаў па роднай краіне.

– Наш калектыў актыўна падарожнічае па Беларусі, наведвае знакавыя мясціны – ад старажытных замкаў і сядзіб да сучасных мемарыялаў і прыродных запаведнікаў, – расказала дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-псіхолаг Валянціна Юдзіна. – Мы падрыхтавалі выставу фотаздымкаў, дзе супрацоўнікі захавалі не толькі памятныя мясціны Беларусі, але і паказалі разнастайнасць турыстычных маршрутаў краіны.

Асобна размясцілі міні-выставу з візітнымі карткамі краіны – самымі пазнавальнымі будынкамі Беларусі. Тут і Нацыянальная бібліятэка краіны, і знакамітыя «Вароты Мінска», і Траецкае прадмесце. Такі фармат выставы, па словах удзельнікаў, дазваляе не толькі паказаць прыгажосць роднай зямлі, але і падзяліцца асабістымі ўражаннямі, умацаваць калектыўны дух і пачуццё гонару за сваю краіну.


У Жлобіне калектыў міжраённага аддзела наведаў мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. Супрацоўнікам прачыталі пазнавальную лекцыю і правалі аглядную экскурсію па тэматычнай выставе, прымеркаванай да свята. Экспазіцыя раскрыла важныя вехі гісторыі рэгіёну і паказала, як розныя эпохі і народы фарміравалі агульны лёс нашай краіны.

Адным словам, Дзень народнага адзінства аб'яднаў усіх, хто ганарыцца сваёй Радзімай і верыць у яе годную будучыню.


Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці