Напярэдадні Дня беларускага пісьменства супрацоўнікі Светлагорскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз паказалі, як можна спалучаць прафесійныя абавязкі з любоўю да літаратуры. Эксперты выказалі сапраўдную павагу да беларускай кніжнай спадчыны. Творчая ініцыятыва закранула кожны сектар.
Эксперты-крыміналісты прынеслі кнігі на беларускай мове, каб у хвіліны адпачынку калегі маглі гартаць старонкі Купалы, Коласа, Багдановіча.
Работнікі сектара судова-псіхалагічных экспертыз падабралі цытаты класікаў з глыбокім сэнсам – для літаратурных прадказанняў, якія натхняюць і накіроўваюць.
А сектар судова-медыцынскіх экспертыз арганізаваў незвычайную выставу: беларускія словы з перакладам на рускую мову замацавалі ў рамкі на сцяне, каб кожны мог узбагаціць свой слоўнік.
– Мы хочам паказаць, што беражліва ставімся да літаратурнай спадчыны Беларусі, – адзначыў Аляксандр Вежнавец, часова выконваючы абавязкі начальніка Светлагорскага МРА. – Гэта магчымасць для калектыву далучыцца да прыгажосці роднай мовы. Няхай любоў да кнігі і цікавасць да гісторыі нашай культуры жывуць у сэрцах кожнага!
Літаратурная ініцыятыва – яркі прыклад таго, як установа, далёкая ад гуманітарнай сферы, робіць беларускае слова часткай штодзённага жыцця. І гэта асабліва сімвалічна напярэдадні галоўнага літаратурнага свята краіны.
Дарэчы, сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 5 і 6 верасня ў горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Менавіта туды з'едуцца пісьменнікі, выдаўцы, бібліятэкары і ўсе прыхільнікі роднага слова. У праграме – павільёны рэдкіх кніг, «кабінет пісьменніка» з рукапісамі, фестываль кнігі і прэсы, а таксама ўшанаванне юбілеяў класікаў.
Свята нарадзілася ў Полацку ў 1994 годзе – на радзіме Францыска Скарыны, нашага першадрукара. З 1998 года яно штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня і пераязджае з горада ў горад, кожны раз адкрываючы новыя старонкі культурнай спадчыны.
Але галоўнае ў свяце не столькі ўрачыстыя мерапрыемствы, сколькі жывое дыханне мовы ў паўсядзённасці. Ініцыятыва светлагорскіх экспертаў – таму доказ. Калі беларускае слова гучыць у кабінетах, лабараторыях і калідорах, яно жыве.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці