Урачысты мітынг, работа тэматычных выстаў, ваенна-гістарычная рэканструкцыя, пачастункі «салдацкай кашай» – у Гомелі адзначылі 85-годдзе з дня заснавання пртызанскага атрада «Бальшавік». У святочных мерапрыемствах прыняў удзел калектыў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці.«Бальшавік» стаў адным з самых легендарных партызанскіх фарміраванняў Беларусі. Створаны ў жніўні 1941-га для барацьбы ў тыле ворага, атрад у першыя дні аб’яднаў 18 неабыякавых чалавек, што не хацелі мірыцца з фашысцкім гнётам. 25 лістапада 1943 года, калі адбылося расфарміраванне аб’яднання, у ім налічвалася 526 партызан. За 27 месяцаў яны знішчылі больш за 10 тысяч гітлераўцаў, 15 складоў боепрыпасаў і амуніцыі, восем чыгуначных мастоў, 150 варожых эшалонаў і 515 аўтамашын. Партызаны і падпольшчыкі вывезлі з нямецкіх лагераў смерці звыш 8000 ваеннапалонных, вызвалілі ад выгану ў фашысцкае нявольніцтва 5000 савецкіх грамадзян.
Сёння на месцы, дзе летам 1941-га пачаў «пісаць» сваю гераічную гісторыю «Бальшавік», знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка». Гэта жывы летапіс мужнасці, месца, дзе мінулае служыць наказам новаму пакаленню.– Калектыў упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці даўно і чуйна ставіцца да гэтага памятнага месца, – расказаў намеснік начальніка абласного ўпраўлення – галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Гомельскай вобласці Дзяніс Заяц і патлумачыў: – Яшчэ да стварэння мемарыяла эксперты шэфствавалі над ім, даглядалі тэрыторыю. Цяпер тут праходзяць найважнейшыя службовыя цырымоніі – прынясенне Прысягі маладымі супрацоўнікамі, ушанаванне лепшых экспертаў, уручэнне узнагарод і чарговых спецыяльных званняў.Для маладых экспертаў, якія разам са старэйшымі калегамі далучыліся да ўрачыстасцей, – гэта важны этап прафесійнага станаўлення.
– Літаральна некалькі месяцаў таму менавіта тут я вымаўляў словы Прысягі. Гэтае месца тады стала для мяне кропкай адліку майго прафесійнага жыцця. Сёння я вярнуўся сюды ўжо ў якасці ўдзельніка юбілейных урачыстасцяў, але адчуванні не сталі слабейшымі. Кожны раз, калі я пераступаю мяжу гэтага мемарыяла, я нанава перажываю той дзень, калі даў слова служыць праўдзе і закону, – падзяліўся эксперт Гомельскага міжраённага аддзела ДКСЭ Канстанцін Якубенка.
– Я шмат чытаў пра подзвіг атрада «Бальшавік», але бачыць гэтае месца сваімі вачыма – зусім іншае. Ты разумееш, што менавіта тут, на гэтай паляне, звычайныя людзі прымалі неверагодныя рашэнні, ахвяравалі сабой дзеля свабоды. І асабліва востра я ўсвядоміў, што мая служба ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз – таксама частка служэння Радзіме, толькі ў мірны час, – дадаў эксперт Гомельскага МРА Дзмітрый Пянько.У знак павагі да подзвіга партызан з атрада «Бальшавік» судовыя эксперты ўсклалі кветкі да мемарыяла.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці