Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Прынясенне Прысягі адбылося ля помніка байцам батальёна міліцыі капітана Уладзімірава 25 февраля 2022

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае службоваму рытуалу прынясення Прысягі супрацоўніка Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, правялі ва ўпраўленні па Магілёўскай вобласці ля помніка байцам батальёна міліцыі пад камандаваннем капітана К.Уладзімірава. Цырымонія таксама прысвечана Году гістарычнай памяці і правядзенню рэферэндуму па прыняцці змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

Словы клятвы ў гэты дзень сказалі трое лейтэнантаў, якія, дарэчы,  ужо не навічкі ў Дзяржаўным камітэце. Кожны з іх ужо папрацаваў дзяржаўным судовым экспертам і мае пэўны багаж досведу і дасягненняў, што паслужыла асновай прыняцця імі рашэння стаць афіцэрам і служыць сваёй краіне.


Начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык пажадаў кожнаму з іх прамаўляць словы Прысягі абдумана і свядома, памятаць іх усё сваё жыццё, заўсёды быць вернымі свайму службоваму абавязку і Радзіме.

«Сёння адбылася важная падзея ў жыцці маладога афіцэра – прыняцце Прысягі, прысваенне звання лейтэнант юстыцыі. Эмоцыі ў мяне, вядома, вельмі станоўчыя, – падзялілася ўражаннямі ўжо пасля афіцэрскага рытуалу эксперт Магілёўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксандра Волкава. – Я адчувала прыемнае хваляванне, а таксама – гонар за сябе і сваю сям'ю. Адчувала, што надыходзіць новы этап жыцця, у якім стала больш адказнасці перад сабой, калегамі, сям'ёй і маёй краінай. Гэта адна з нешматлікіх падзей, якая запомніцца на ўсё жыццё, – прыняцце Прысягі».

Варта дадаць, што кожны раз упраўленне ДКСЭ па Магілёўскай вобласці выбірае для правядзення ўрачыстага мерапрыемства па прыняцці Прысягі знакавае месца. Тут, у ліпені 1941-га на безназоўнай на той час вышыні, заняў абарончую пазіцыю міліцэйскі батальён пад камандаваннем капітана Канстанціна Уладзімірава. Афіцэры і байцы вялі няроўны бой з ворагам, але ваявалі, як львы, не падпускаючы фашыстаў да чыгуначнага вузла... Загінулі многія, у тым ліку капітан Уладзіміраў, засталося жывымі каля 19 чалавек. На такіх вось прыкладах мужнасці і адвагі нашых продкаў і сёння грунтуецца афіцэрская ідэалогія ў Дзяржаўным камітэте судовых экспертыз.

Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем вянка і кветак да падножжа помніка.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці