Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Адбіткі пальцаў, выявы твараў і VІN-коды аўто. Што даследуюць судэксперты ў пошуках злачынцаў 14 мая 2022

Выпівалі неяк два сябры і пасварыліся. Ды так моцна, што адзін другога забіў, а кватэру абрабаваў. Намагаючыся схаваць сляды, злачынца спрабаваў расчляніць цела, аднак не змог і збег..Такая гісторыя, па легендзе, адбылася на імправізаваным месцы здарэння, якое спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці зладзілі ў дзень адкрытых дзвярэй у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы ў Слуцку. Навучэнцам паказалі, як здымаюць рэчавыя доказы, робяць адбіткі слядоў і пальцаў, а яшчэ... як вараць самагон, правяраюць сапраўднасць грошай і шмат што іншае. Наколькі разнастайнай і рознай можа быць работа судовага эксперта, паглядзела і карэспандэнт «Звязды».

Доказы на месцы здарэння

На аглядзе «месца здарэння» працаваў Аляксандр Козел, старшы эксперт Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ), які паказаў, як здымаюцца доказы, якія потым дапамогуць выкрыць злачынцу. Гэта, напрыклад, гіпсавы злепак абутку, які застаецца на любой пластычнай паверхні. След абутку на падлозе пакоя ледзьве бачны, але заўважны пры пэўным асвятленні.

— Я закантрасціў яго з дапамогай дактыласкапічнага парашка, і цяпер здымаю на ліпкую паверхню, — каментуе свае дзеянні эксперт. — Чорным магнітным дактыласкапічным парашком апрацоўваю паверхню бутэлькі з вадкасцю, каб знайсці адбіткі пальцаў. З прылады забойства — нажа — мы можам зняць біялагічныя сляды злачынцы і ўстанавіць генатып чалавека. Сляды пальцаў відаць і на перакуленым крэсле.

Апісваць «цела», фіксаваць цялесныя пашкоджанні на «месцы здарэння» дапамагаў дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Слуцкага міжраённага аддзела ДКСЭ Яўген Ігнатовіч:

— У дадзеным выпадку трэба апісаць палажэнне «забітага» суадносна з аб'ектамі памяшкання, адзенне і пашкоджанні на ім, плямы крыві, наяўнасць рэчываў біялагічнага характару. Таксама неабходна апісаць рану, якая, як відаць, па выглядзе, нанесена колюча-рэжучым прадметам.

Эксперт замераў тэмпературу цела і тэмпературу наваколля. (Калі дазваляе час, тэмпературу замяраюць на пачатку работ на месцы і напрыканцы.) Ён варочае цела, каб адшукаць наяўнасць трупных плям, і фіксуе трупнае здранцвенне.


«Тракт», «Візіт», перасовачная лабараторыя

Падчас класічнага здарэння эксперт-крыміналіст працуе з фотаапаратам і адмысловым чамаданам з наборам інструментаў для пошуку і фіксацыі любых слядоў, пакінутых на месцы злачынства. А вось пачас расследавання цяжкіх і асабліва цяжкіх здарэнняў трэба значна больш прылад, і на дапамогу крыміналісту прыязджае аўтамабіль перасовачнай лабараторыі, дзе маецца значна большы набор прылад для аўтаномнай работы на месцы, расказаў Дзяніс Івашкевіч, намеснік начальніка аддзела крыміналістычных экспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці:

— Фактычна гэта невялікі кабінет на колах, дзе можна падпісаць упакоўкі з доказамі, вывучыць інфармацыю, якая патрабуе аператыўнасці. У задняй частцы лабараторыі ёсць генератар і разнастайныя прылады, напрыклад, светлавая агароджа месца ДТЗ. А тут у нас «месца здарэння» з наездам аўто на матацыкліста, — паказаў эксперт на адпаведную лакацыю. — У рэальных умовах з ДТЗ працуюць эксперты-аўтатэхнікі, якія высвятляюць, дзе было месца сутыкнення, разлічваюць хуткасць і іншыя акалічнасці.

У экспертаў, між іншым, ёсць розныя віды чамаданаў. Напрыклад, «Тракт» прызначаны для работы са слядамі абутку і транспартных сродкаў. Тут знаходзяцца наборы гіпсу і ўсемагчымыя формы. «Візіт» — для забору біялагічных слядоў: сліны, крыві і іншых чалавечых вадкасцяў. Чамадан пажаратэхнікаў, якія займаюцца экспертызамі па факце здарэнняў, звязаных з падпаламі, таксама спецыялізаваны. Тут ёсць цеплавізары, дэтэктары схаванай праводкі і слясарныя інструменты, каб знайсці месца ўзнікнення пажару і сабраць сляды.

Самагонная і партрэтная ідэнтыфікацыя

На даследаванні судовым экспертам паступаюць і разнастайныя вадкасці, у прыватнасці самагон. Спецыялісты паказалі курсантам, як з брагі атрымліваецца самагон.

— Падчас экспертыз спіртаўтрымлівальных вадкасцяў вывучаецца, ці ўтрымліваюць яны сівушныя алеі, што сведчаць аб тым, што перад намі самагон, — расказала Юлія Сіняўская, начальнік сектара спецыяльных тэхнічных экспертыз Маладзечанскага міжраённага аддзела ДКСЭ. — Пасля вымяраем шчыльнасць (моц) самагону, робім рэакцыі на ўтрыманне дэнатураваных дабавак, што сведчыць пра тое, што вадкасць тэхнічная, а не харчовая. Можна даследаваць таксама, з якой сыравіны гатавалася вадкасць. Даследуем і шматлікія віды псіхатропных і наркатычных рэчываў.

Калі здараецца злачынства, падчас якога ў праваахоўнікаў з'яўляецца відэазапіс ці фотавыява нейкага твару і існуе верагоднасць, што гэта мясцовы жыхар, яго можна пашукаць у базе судовых экспертаў, расказаў старшы эксперт Слуцкага міжраённага аддзела ДКСЭ Уладзімір Гермес:

— Выяву дадаюць у сістэму і расстаўляюць на фота асноўныя антрапаметрычныя кропкі: вугалкі вачэй, краі носу, вусны, вушы, падбародак. Па гэтых параметрах сістэма ўжо аўтаматычна вядзе пошук і выдае супадзенні. І выява становіцца ўжо дакладным чалавекам. Яго фота паказваюць сведкам. Аднак гэта не азначае, што менавіта ён злачынца. Пошук па сістэме партрэтнай ідэнтыфікацыі — спосаб звузіць кола падазроных і паскорыць працэс.

Як тройка становіцца васьмёркай...

VІN-код — гэта індывідуальны шыфр аўтамабіля, які складаецца з 17 сімвалаў (лічбаў і літар) і ўтрымлівае даныя пра вытворцу машыны і дату яе выпуску. Мяняць яго нельга на працягу ўсяго жыцця аўто. У машынах з нясучым кузавам VІN ставіцца на неаддымныя элементы, якія замацаваны не балтамі, а зваркай. У аўто з нясучымі рамамі (джып, грузавік) змяшчаецца на раме транспартнага сродку, расказаў Аляксандр Левановіч, намеснік начальніка Салігорскага міжраённага аддзела ДКСЭ. Ён паказаў, на якія хітрыкі ідуць махляры, каб змяніць ідэнтыфікацыйны нумар аўтатранспарту:

— Прыгледзьцеся да лічбы 8 на нумары. Маркіраваная панэль з нумарам аўто афарбавана ў колер кузава машыны адначасова з ім. А вось гэты нумар — пасля выдалення фарбавага пакрыцця — і відаць, што правая частка лічбы 8 вельмі падобная да лічбы 3. А вось тая ж панэль са зваротнага боку — тут дакладна відаць, што тройку выправілі на васьмёрку. Такім чынам, высвятляецца, што нумар 85841 — падробка, а насамрэч ён — 35341. У другім выпадку з роднай панэлі сцерлі нумар, а на яе прымацавалі новую панэль з іншым нумарам. У трэцім выпадку на экспертызу прывезлі Опель, у якім VІN наносіцца звычайна справа ад пярэдняга пасажырскага сядзення. Родная панэль у машыне згніла, і на яе месца намагаліся прыстасаваць новую. Папярэдні нумар цалкам удалося аднавіць па частцы панэлі, якая засталася цэлай.

На шчасце, прадпрыемства робіць VІN-нумар у машыне не адзін — іх мноства на розных дэталях аўто, у тым ліку на схаваных вузлах і агрэгатах: маркіруецца нумар рухавіка, каробкі перадач. Калі аўто паўнапрываднае — на раздатачнай каробцы. Калі ўзнікаюць сумненні, што нумар родны, робіцца запыт дылеру, і ён паведамляе, на які аўтамабіль ставіўся гэты рухавік і каробка перадач. Так можна даведацца не толькі факт змены нумара, але і з якой машынай эксперт мае справу, удакладніў спецыяліст.

Адзін на 64 мільярды

Чыста тэарэтычна аднолькавыя папілярныя ўзоры розных людзей пры вывучэнні адбіткаў пальцаў падчас дактыласкапічнай экспертызы могуць сустрэцца ў прапорцыі адно супадзенне на 64 мільярды выпадкаў. На практыцы ж такога не бачыў яшчэ ніводзін з экспертаў, заўважыў Сяргей Хлопаў, начальнік сектара крыміналістычных экспертыз Слуцкага міжраённага аддзела ДКСЭ:

— Ніякіх супадзенняў у працэнтных адносінах пры вывучэнні слядоў пальцаў, накшталт той гэта чалавек ці не той, быць не можа. Падчас экспертызы мы павінны адшукаць 12 прыватных прыкмет — 12 дэталяў будавання папілярнага ўзору (зліянне ліній, іх пачатак, разгаліноўванне, разрыў і іншае). Сукупнасць гэтых прыкмет і іх размяшчэнне стварае індывідуальны комплекс прыкмет, які дазваляе рабіць катэгарычную выснову: след пакінуты гэтай асобай або іншай.

Кажуць, асобныя злачынцы паляць сабе падушачкі пальцаў, каб знішчыць адбіткі. Аднак тады ролю ўзору на пальцах будзе іграць рубец, які застанецца пасля такой працэдуры, а не папілярныя лініі. І гэта стане адметнай прыкметай для дактыласкапістаў пры вывучэнні адбіткаў.

Судовыя эксперты паказалі столькі экспертыз, што пра ўсе і не раскажаш. Курсанты, прынамсі, даведаліся, як адрозніць падробленыя грошы ад сапраўдных; якія сляды пакідае пэўны від халоднай зброі; як нават са зламанага мабільніка выцягнуць «інфармацыю».

Колькасць экспертыз пастаянна павялічваецца. За апошні час Дзяржкамітэт судовых экспертыз Мінскай вобласці папоўніўся, напрыклад, лінгвістычнай, фотатэхнічнай і культуралагічнай экспертызамі.

Штогод у Беларусі праводзіцца больш як 260 тысяч даследаванняў па 160 відах экспертыз. Больш як 27 тысяч з іх — псіхіятрычныя, у тым ліку з выкарыстаннем паліграфа. Дзякуючы таму, што дзяржкамітэт судовых экспертыз вядзе крыміналістычны ўлік, штогод раскрываецца больш як 11 тысяч злачынстваў.

Найбольш запатрабаваны дактыласкапічны ўлік (налічвае больш як сем мільёнаў дактыласкапічных картак і звыш 23 тысяч слядоў рук). А яшчэ ўлік даных ДНК: утрымлівае інфармацыю аб генетычных прыкметах злачынцы, біялагічных слядах, знятых з месца здарэння, неапазнаных целаў, блізкіх сваякоў асоб, якія зніклі без вестак.


Источник информации: «Звязда»