Міжнароднае супрацоўніцтва
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, створаны ў Рэспубліцы Беларусь на базе экспертных падраздзяленняў сілавых структур, адразу ж пасля пачатку функцыянавання зацікавіў замежных калег. Прадстаўнікі экспертных устаноў Азербайджана, Арменіі, Ізраіля, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Манголіі, Польшчы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Расіі з павышанай увагай паставіліся да новага адзінага экспертнага органа нашай рэспублікі. Пра гэта сведчаць візіты дэлегацый з розных краін, накіраваныя на азнаямленне з айчынным досведам цэнтралізацыі экспертных устаноў, арганізацыяй працы новага ведамства, існымі пытаннямі і шляхамі іх вырашэння.
З моманту свайго стварэння Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз вядзе актыўную дзейнасць па розных напрамках міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай пашырэння і ўмацавання міжнародных сувязяў, развіцця ўзаемавыгадных адносін з міжнароднай экспертнай супольнасцю, у тым ліку ў галіне навукова-метадычнага і інфармацыйнага абмену ў сферы судовай экспертызы.
З мэтай наладжвання цесных кантактаў і абмену перадавым досведам па найбольш актуальных пытаннях Дзяржаўным камітэтам прынята рашэнне аб правядзенні на сістэматычнай аснове міжнародных канферэнцый. У 2014 г. на першай такой канферэнцыі былі разгледжаны асноўныя пытанні дасканалення судова-экспертнай дзейнасці. У 2015 годзе была арганізавана канферэнцыя па судовай псіхіятрыі і псіхалогіі, а ў 2016 – па актуальных пытаннях судовай медыцыны. Удзел у гэтых мерапрыемствах прынялі вядучыя практыкі і навукоўцы з нашай дзяржавы, а таксама прадстаўнікі многіх замежных дзяржаў, што дазволіла не толькі падзяліцца асноўнымі дасягненнямі і перспектыўнымі распрацоўкамі ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, але і вывучыць вопыт калег як з блізкага, так і з далёкага замежжа.
Эксперты Дзяржаўнага камітэта актыўна ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях, трэнінгах і іншых майстар-класах за мяжой, праходзяць навучанне ў экспертных установах іншых краін, а таксама праводзяць майстар-класы для замежных спецыялістаў.
Яшчэ адным важным напрамкам міжнароднага супрацоўніцтва Дзяржаўнага камітэта з’яўляецца развіццё двухбаковых адносін з экспертнымі ўстановамі замежных краін. У гэтай сувязі вядзецца праца па актуалізацыі дагавораў аб супрацоўніцтве ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, падпісаных да ўтварэння Дзяржаўнага камітэта, распрацоўваюцца і заключаюцца новыя дагаворы. Сёння дзейнічаюць пагадненні з экспертнымі ўстановамі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Расійскай Федэрацыі і Украіны. Вядзецца праца па заключэнні пагадненняў з Кыргызстанам, Манголіяй, Узбекістанам, Літвой, Ізраілем і іншымі дзяржавамі.