Гісторыя ДКСЭ
Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь адлічвае сваю гісторыю з 22 красавіка 2013 г. – дня падпісання Кіраўніком дзяржавы Указа «Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь» № 202.
Упершыню да пытання рэфармавання сістэмы дзяржаўных судова-экспертных устаноў у Рэспубліцы Беларусь звярнуліся ў 1992 годзе, аднак прыняццю канчатковага рашэння папярэднічала правядзенне маштабнай працы. У выніку пры рэфармаванні судова-экспертнай сістэмы за аснову быў узяты асаблівы працэсуальны статус эксперта і значэнне яго высноваў для вызначэння ісціны па крымінальных, адміністрацыйных, грамадзянскіх і эканамічных справах.
Экспертнае ведамства створана з мэтай удасканалення дзяржаўнай судова-экспертнай дзейнасці, узмацнення абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый у крымінальным, адміністрацыйным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсе. Яго ўтварэнне дазволіла вырашыць шматгадовыя праблемы, якія не дазвалялі эфектыўна выконваць задачы, якія стаяць перад судова-экспертнай дзейнасцю і судовымі экспертамі (недастатковае фінансаванне, раз’яднанасць, адсутнасць адзіных методык, маральны і матэрыяльны знос абсталявання, наяўнасць дадатковай службовай нагрузкі ў сувязі з выкананнем неўласцівых функцый, недастатковая штатная колькасць экспертаў і тэрытарыяльных экспертных падраздзяленняў і інш.).
Базай для ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз сталі:
- экспертна-крыміналістычныя падраздзяленні органаў унутраных спраў;
- Дзяржаўная служба медыцынскіх судовых экспертыз, у тым ліку яе ўпраўленні па абласцях і г.Мінску;
- дзяржаўная ўстанова «80 цэнтральная вайсковая судова-медыцынская лабараторыя» Міністэрства абароны;
- аддзел даследаванняў і экспертыз надзвычайных сітуацый цэнтра нармавання і экспертызы ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый установы «Навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, аддзяленні (групы) забеспячэння функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, даследаванняў, экспертыз надзвычайных сітуацый і пажараў навукова-практычных цэнтраў абласных (Мінскага гарадскога) упраўленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, аддзяленні даследаванняў і экспертызы пажараў установы «Навукова-даследчы цэнтр Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь»;
- дзяржаўная ўстанова «Цэнтр судовых экспертыз і крыміналістыкі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь».
З гісторыі... пра першыя экспертызы
Ужыванне медыцынскіх ведаў у галіне правасуддзя адносіцца да глыбокай старажытнасці. У працах Гіпакрата, які жыў у 400-я гады да н. э., разглядаліся пытанні даследавання механічных пашкоджанняў на целе, вызначэння жыццяздольнасці немаўлят пры даследаванні трупаў і інш.
Вядома, што са старажытных часоў расследаванне прыпадабнялася да дзеянняў паляўнічага, які адшуквае здабычу па слядах крыві. Напрыклад, захаваліся звесткі пра тое, што цела Юлія Цэзара, забітага змоўшчыкамі, было агледжана ўрачом Антысціем, які вызначыў, што рана, нанесеная ў грудную поласць, павінна быць прызнана, безумоўна, смяротнай. Шырока вядомы помнік кітайскай судовай медыцыны «Сі-юань-лу» 1247 года.
Па літаратурных звестках яшчэ ў часы візантыйскага імператара Юстыніяна (V-VI стагоддзі) у заканадаўстве знаходзіла адлюстраванне даследаванне почырку ў судовых мэтах. Распаўсюджанай з’явай было вызначэнне сапраўднасці рознага роду дакументаў у Старажытным Рыме. У Расіі ўжо ў XV стагоддзі параўнанне рукапісаў выкарыстоўвалася пры вызначэнні сапраўднасці дакументаў, агляд і зверка почыркаў праводзілася пры разбіральніцтве спадчынных спраў і спрэчных здзелак куплі-продажу. Экспертызы галоўным чынам праводзіліся дзякамі і пад’ячымі. Першая судова-медыцынская экспертыза ў Расіі была праведзена ў 1535 годзе. Годам афіцыйнага станаўлення судовай медыцынскай экспертызы лічаць 1716 г., калі Воінскім статутам Пятра I было загадана прыцягваць лекараў для даследавання пашкоджанняў на адзенні і целе пацярпелага, а медыцынская экспертыза пры судовым разбіральніцтве злачынстваў супраць фізічнай недатыкальнасці чалавека стала абавязковай.
На працэс судаводства ў Расіі і развіццё судова-экспертнай дзейнасці істотны ўплыў зрабіла Судовая рэформа 1864 года, якая абумовіла патрэбу шырэйшага выкарыстання навуковых ведаў пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў.
Знамянальныя даты ў гісторыі судовай экспертызы
1 сакавіка 1919 г. – створаны Кабінет судовай экспертызы Цэнтравышуку НКУС. Гэту дату прынята лічыць днём утварэння экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў органаў унутраных спраў РСФСР.
1921 год – адкрыта першае судова-медыцынскае аддзяленне ў рэспубліцы пры Цэнтральнай хіміка-бактэрыялагічнай станцыі Наркамздароўя БССР.
1929 год – пры Народным камісарыяце юстыцыі ўтвораны Інстытут навукова-судовай экспертызы ў Мінску (пасля – Беларускі дзяржаўны інстытут крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы, Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы інстытут крыміналістыкі і судовай экспертызы пры НКУС БССР).
1930 год – у Беларускім (Мінскім) дзяржаўным медыцынскім інстытуце адкрыта кафедра судовай медыцыны.
1944 год – у Маскве створана Цэнтральная крыміналістычная лабараторыя Наркамата юстыцыі СССР, якая стала першым агульнасаюзным крыміналістычным экспертным цэнтрам.
1950 год – у сістэме Міністэрства юстыцыі БССР створана навукова-даследчая крыміналістычная лабараторыя.
1958 год – створаны Навукова-даследчы інстытут судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі БССР, які ў 1990 годзе рэарганізаваны ў Навукова-даследчы інстытут праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі БССР.
1977 год – утворана кафедра крыміналістыкі і спецыяльнай тэхнікі Мінскай вышэйшай школы МУС СССР.
1981 год – у складзе міліцыі вылучана экспертна-крыміналістычная служба.
1993 год – пры МУС Рэспублікі Беларусь створаны Навукова-крыміналістычны цэнтр, які ў 1994 годзе разам з Экспертна-крыміналістычным упраўленнем ператвораны ў экспертна-крыміналістычны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь.
1996 год – з мэтай дасканалення дзейнасці экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, павышэння іх эфектыўнасці ў змаганні са злачыннасцю Экспертна-крыміналістычны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь рэарганізаваны ў Дзяржаўны экспертна-крыміналістычны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь.
1999 год – Галоўнае бюро Дзяржаўнай службы судова-медыцынскай экспертызы пры Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, створанае ў 1952 годзе, ператворана ў цэнтральны апарат Беларускай дзяржаўнай службы судова-медыцынскай экспертызы, якая ў 2001 годзе ператворана ў Дзяржаўную службу медыцынскіх судовых экспертыз.
2008 год – Навукова-даследчы інстытут праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы перайменаваны ў дзяржаўную ўстанову «Цэнтр судовых экспертыз і крыміналістыкі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь». У 2013 годзе дадзеная ўстанова была перападначалена Дзяржаўнаму камітэту судовых экспертыз і на сённяшні дзень функцыянуе як дзяржаўная ўстанова «Навукова-практычны цэнтр Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь».