22 чэрвеня. Поўдзень. Гомель маўчыць. Спыніўся рух. Замёрлі людзі. Толькі плыве над горадам размераны адлік метранома. Усяго на адну хвіліну. Гэта спосаб ушанаваць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.

Менавіта ў гэты дзень 85 гадоў таму фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Масіраваная атака аэрадромаў і гарадоў без папярэдняга аб’яўлення вайны пачалася на досвітку.
У сярэдзіне жніўня бурая чума дабралася да Гомельшчыны. 19 жніўня намецкія часці ўварваліся ў Гомель. Асабліва жорсткія баі ішлі ў раёне гарадскога прака, рачнога порта і ля перапраў праз Сож. На левым беразе Сожа, у Навабеліцы, баі працягваліся яшчэ трое сутак.


Больш як на два гады Гомель і Гомельская вобласць апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Фашысты ўсталявалі рэжым тэрору. Для здзяйснення генацыду адразу за войскамі прыбылі карныя падраздзяленні СС, тайная палявая паліцыя і гестапа. У горадзе ўвялі строгі рэжым з каменданцкай гадзінай, абавязковай рэгістрацыяй і працоўнай павіннасцю для ўсіх жыхароў ад 14 да 65 гадоў. Яўрэяў зганялі ў гета, дзе іх знішчалі. Толькі ў Гомелі было створана 4 гета, у якіх закатавалі больш за 10 тысяч чалавек.

У Гомелі за час акупацыі расстраляна, павешана, закатавана больш за 30 тысяч мірных жыхароў. Каля 5 тысяч гараджан прымусова вывезена на катаржныя работы ў Германію. Пры тым, што перад вайной насельніцтва Гомеля складала каля 100 тысяч чалавек. Усяго па Беларусі за гады вайны загінуў кожны трэці жыхар – больш за 2,2 мільёна чалавек. Разбурана і спалена больш за 200 вёсак на Гомельшчыне, а ў рэспубліцы – звыш 600 вёсак знішчаны разам з жыхарамі (у тым ліку вядомая трагедыя вёскі Ала Светлагорскага раёна).
У памяць аб гэтых ахвярах кіраўніцтва вобласці і горада, супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці і прадстаўнікі грамадскасці сабраліся на плошчы Працы ля Вечнага агню. Роўна ў поўдзень гамяльчане схілілі галовы ў агульнанацыянальнай хвіліне маўчання.

– Мы схіляем галовы перад подзвігам тых, хто цаной свайго жыцця захаваў будучыню для нашых дзяцей. Генацыд беларускага народа – боль, які жыве ў сэрцы кожнай сям’і, – выказаў думку начальнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці Павел Бакшанскі. – Наш абавязак – рабіць усё, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся, і перадаваць праўду аб тых падзеях нашчадкам.



Супрацоўнікі ўпраўлення ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Разам з кіраўніцтвам вобласці яны ўшанавалі памяць паўшых герояў і загінулых мірных жыхароў, пацвердзіўшы, што беларускі народ помніць свой гераічны і трагічны лёс.


Калектывы Жлобінскага і Мазырскага міжраённых аддзелаў ДКСЭ таксама не засталіся ў баку ад акцыі, што аб’яднала сёння ўсіх беларусаў. Разам з землякамі, у тым ліку самымі маленькімі гараджанамі, судовыя эксперты сабраліся на знакавых месцах сваіх рэгіёнаў.
– Для мяне, як для жанчыны, як для маці, гэтая хвіліна маўчання – асаблівая. Калі гучыць метраном, я думаю пра тых, хто страціў дзяцей, і пра тых дзяцей, якія страцілі дзяцінства. Мы не маем права гэта забыць, – растлумачыла начальнік сектара спецыяльных экспертыз Жлобінскага МРА Людміла Савосціна.
Завершаць гэты дзень судовыя эксперты на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса “Ала”, узведезнага на месцы аднайменнай вёскі, спаленай у студзені 1944-га разам з усімі жыхарамі. Тут адбудзецца канцэрт-рэквіем у памяць аб ахвярах вайны.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці
