Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Вечная памяць: супрацоўнікі ўпраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці далучыліся да агульнанацыянальнай хвіліны маўчання 22 июня 2026

22 чэрвеня. Поўдзень. Гомель маўчыць. Спыніўся рух. Замёрлі людзі. Толькі плыве над горадам размераны адлік метранома. Усяго на адну хвіліну. Гэта спосаб ушанаваць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.

Менавіта ў гэты дзень 85 гадоў таму фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Масіраваная атака аэрадромаў і гарадоў без папярэдняга аб’яўлення вайны пачалася на досвітку.

У сярэдзіне жніўня бурая чума дабралася да Гомельшчыны. 19 жніўня намецкія часці ўварваліся ў Гомель. Асабліва жорсткія баі ішлі ў раёне гарадскога прака, рачнога порта і ля перапраў праз Сож. На левым беразе Сожа, у Навабеліцы, баі працягваліся яшчэ трое сутак.

Больш як на два гады Гомель і Гомельская вобласць апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Фашысты ўсталявалі рэжым тэрору. Для здзяйснення генацыду адразу за войскамі прыбылі карныя падраздзяленні СС, тайная палявая паліцыя і гестапа. У горадзе ўвялі строгі рэжым з каменданцкай гадзінай, абавязковай рэгістрацыяй і працоўнай павіннасцю для ўсіх жыхароў ад 14 да 65 гадоў. Яўрэяў зганялі ў гета, дзе іх знішчалі. Толькі ў Гомелі было створана 4 гета, у якіх закатавалі больш за 10 тысяч чалавек.

У Гомелі за час акупацыі расстраляна, павешана, закатавана больш за 30 тысяч мірных жыхароў. Каля 5 тысяч гараджан прымусова вывезена на катаржныя работы ў Германію. Пры тым, што перад вайной насельніцтва Гомеля складала каля 100 тысяч чалавек. Усяго па Беларусі за гады вайны загінуў кожны трэці жыхар – больш за 2,2 мільёна чалавек. Разбурана і  спалена больш за 200 вёсак на Гомельшчыне, а ў рэспубліцы – звыш 600 вёсак знішчаны разам з жыхарамі (у тым ліку вядомая трагедыя вёскі Ала Светлагорскага раёна).

У памяць аб гэтых ахвярах кіраўніцтва вобласці і горада, супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці і прадстаўнікі грамадскасці сабраліся на плошчы Працы ля Вечнага агню. Роўна ў поўдзень гамяльчане схілілі галовы ў агульнанацыянальнай хвіліне маўчання.

– Мы схіляем галовы перад подзвігам тых, хто цаной свайго жыцця захаваў будучыню для нашых дзяцей. Генацыд беларускага народа – боль, які жыве ў сэрцы кожнай сям’і, –  выказаў думку начальнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці Павел Бакшанскі. – Наш абавязак – рабіць усё, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся, і перадаваць праўду аб тых падзеях нашчадкам.

Супрацоўнікі ўпраўлення ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Разам з кіраўніцтвам вобласці яны ўшанавалі памяць паўшых герояў і загінулых мірных жыхароў, пацвердзіўшы, што беларускі народ помніць свой гераічны і трагічны лёс.

Калектывы Жлобінскага і Мазырскага міжраённых аддзелаў ДКСЭ таксама не засталіся ў баку ад акцыі, што аб’яднала сёння ўсіх беларусаў. Разам з землякамі, у тым ліку самымі маленькімі гараджанамі, судовыя эксперты сабраліся на знакавых месцах сваіх рэгіёнаў.

– Для мяне, як для жанчыны, як для маці, гэтая хвіліна маўчання – асаблівая. Калі гучыць метраном, я думаю пра тых, хто страціў дзяцей, і пра тых дзяцей, якія страцілі дзяцінства. Мы не маем права гэта забыць, – растлумачыла начальнік сектара спецыяльных экспертыз Жлобінскага МРА Людміла Савосціна.

Завершаць гэты дзень судовыя эксперты на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса “Ала”, узведезнага на месцы аднайменнай вёскі, спаленай у студзені 1944-га разам з усімі жыхарамі. Тут адбудзецца канцэрт-рэквіем у памяць аб ахвярах вайны.


Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці