Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Як захоўваюць памяць продка – паспяховага акцёра Міхаіла Джагафарава 19 декабря 2022

У 1930-1940-ыя гады амаль усе захапляліся кінастужкай «Пуцёўка ў жыццё». І не толькі таму, што гэта быў першы савецкі гукавы мастацкі фільм, але і вострым сюжэтам, у цэнтры ўвагі якога жыццё малалетніх беспрытульнікаў у першыя гады савецкай улады. Колька «Свіст» у выканані Міхаіла Джагафарава – адзін з галоўных герояў. Аб сваім продку і яго трагічным лёсе гродзенец Антон Ганенка даведаўся ад сваёй бабулі. Міхаіл Джагафараў быў яе родным дзядзькам.

А ўсплылі гэтыя звесткі гадоў дзесяць таму, падчас чарговага прыезду да бабулі ў расійскі горад Разань. Менавіта тады, у юнацкім узросце, Антон з асаблівай цікавасцю пачаў слухаць успаміны родных. Па прыездзе сваякоў сям’я збіралася разам, старэйшыя згадвалі мінулае. Большасць расказаў датычылася ваенных часоў. І невыпадкова. На вайне загінуў бацька бабулі і ўсе яго тры браты Джагафаравы. Сярод іх быў і Міхаіл. Менавіта тады Антон даведаўся, што яго прадзед да вайны з’яўляўся вядомым акцёрам, у першую чаргу, з-за ролі Колькі «Свіста» ў кінафільме «Пуцёўка ў жыццё». Антон зацікавіўся гэтым фактам, паглядзеў у інтэрнэце фільм і пачаў шукаць звесткі аб Міхаіле ў розных крыніцах, у тым ліку ў электроннай базе дадзеных «Мемарыял», а таксама ў архівах.

— Калі вучыўся ў Акадэміі МУС, чытаў ваенныя манаграфіі, кнігі, якіх няма ў шырокім доступе, — расказвае суразмоўца. — Многія факты потым удакладняў у сваёй бабулі. Тады карціна больш зразумелая. А яшчэ вельмі цікава было чытаць успаміны пра прадзеда яго калег — акцёраў, з якімі ён здымаўся ў фільме «Пуцёўка ў жыццё» — Міхаіла Жарава, Георгія Жжонава, Рыны Зялёнай. Усе яны сталі вядомымі артыстамі. Магчыма, такім жа знакамітым мог стаць і мой прадзед, але яго кар’ера была нядоўгай.

З інфармацыі, якую Антон збіраў па крупінках, у яго склаўся вобраз не толькі таленавітага акцёра, але і сапраўднага героя. Яго акцёрскі лёс быў кароткім, як і само жыццё.

Міхаіл нарадзіўся ў 1913 годзе ва Уфе ў татарскай сям’і. У 1920-ыя гады Джагафаравы пераехалі ў Маскву. Тут яго заўважыў рэжысёр Мікалай Экк і прапанаваў 17-цігадоваму юнаку ролю беспрытульніка ў першым гукавым кінафільме «Пуцёўка ў жыццё».

..У Маскве 1920-х гадоў арудуюць шматлікія шайкі беспрытульнікаў, адна з іх — шайка Жыгана (акцёр Міхаіл Жараў). Зімой, пасля аблавы, тысячы падлеткаў былі затрыманы і размеркаваны ў дзіцячыя дамы. З самых складаных было вырашана стварыць працоўную камуну. У яе трапляе і герой Джагафарава — Колька па мянушцы Свіст. Няпросты быў шлях да нармальнага жыцця, былыя «сябрукі» стараюцца зноў зацягнуць падлеткаў у бандыцкае павуцінне…

Фільм быў вельмі папулярным, яго ўбачылі больш чым у 100 краінах свету. «Пуцёўка ў жыццё» ў 1932 годзе атрымала прыз Першага Венецыянскага кінафестываля. Рашэннем ЮНЭСКА карціна ўключана ў дзясятку лепшых кінастужак усіх часоў і народаў. 

Аб тым, як надалей складваўся акцёрскі лёс яго продка, Антон Ганенка даведаўся з ліста, які атрымаў з фонда школьнага музейнага пакоя аграгарадка Дабрамысль Віцебскай вобласці. Ліст ў школьны музей даслала ў канцы 1980-х гадоў жонка акцёра, яго аднакурсніца Ганна Паўлава. Яна расказала, што Міхаіл пасля здымак фільма паступіў на акцёрскі факультэт інстытута кінематаграфіі (УДІК). Яго аднагрупнікі вельмі цёпла аб ім адгукаліся — ён быў сціплы, добры, заўсёды з усмешкай. Вучыўся паспяхова, пры гэтым быў гатовы прыйсці кожнаму на дапамогу. Яго лічылі сумленнем курса і абралі сваім камсаргам.

Пасля заканчэння інстытута, у 1937 годзе, акцёр пайшоў у армію. А ўжо напрыканцы службы зняўся ў ролі радыста яшчэ ў адным савецкім прыгодніцкім фільме рэжысёра Пазнанскага «Паветраная пошта». Фільм выйшаў у пракат у 1939 годзе. 

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Джагафараў працаваў у Душанбэ, ішлі здымкі чарговага фільма. Але палічыў, што абарона Радзімы важней, чым яго акцёрская кар’ера. Таму, не дачакаўшыся канца здымак, вярнуўся ў Маскву, каб дабраахвотнікам пайсці на фронт. Пры тым, што меў браню, бо артыстаў на фронт не бралі…

У Антона Ганенкі такі ўчынак выклікае асаблівае пачуццё. Яму, чалавеку ў міліцэйскім мундзіры, вельмі блізкі і зразумелы патрыятычны настрой знакамітага прадзеда. Антон працуе на пасадзе старшага эксперта Гродзенскага міжраённага аддзела ДКСЭ, ганарыцца прафесіяй і магчымасцю служыць сваёй краіне. 

— Я шмат разоў «пракручваю» ў галаве лёс свайго прадзеда, і ён у многім для мяне арыенцір сапраўднага грамадзяніна і патрыёта, — кажа суразмоўца. — Мяркуйце самі: ці шмат хто мог адмовіцца ад броні і пайсці на фронт, на перадавую, калі маладое жыццё можа абарвацца ў любы момант? Я ганаруся, што мой прадзед не толькі вядомы ў свой час акцёр, але і чалавек, які здольны на гераічны ўчынак. Яго жыццё — прыклад для мяне.

Мы вяртаемся ў размове да таго перыяду, калі Міхаіл атрымаў «пуцёўку» на фронт. Аб гэтых падзеях Антон даведаўся з артыкула, які ў мясцовую газету даслала супрацоўнік таго ж музейнага пакоя. Ваенны шлях Міхаіла пачаўся з курсаў падрыхтоўкі, а затым службы ў штабе 152-га ўмацаванага раёна. Напачатку была задача — прыкрываць подступы на Маскву. Калі вызвалілі Смаленск, лейтэнант Джагафараў ужо быў памочнікам начальніка штаба 164-га асобнага артылерыйскага батальёна. Напрыканцы 1943 года батальён трымаў абарону на перадавой Заходняга фронта на участку Віцебск — Орша. Ішлі жорсткія баі.

Далейшыя падзеі Антон Ганенка гатовы расказваць вельмі падрабязна. А як інакш? Тэрмін жыцця яго прадзеда адлічваў ужо не гады і нават не месяцы, а літаральна дні…

— У ноч на 21 лютага 1944 года па загаду майго прадзеда паўсотні дабраахвотнікаў на лыжах пайшлі ў разведку боем у раёне беларускіх вёсак Вінакорна — Іструбішча, — пачаў праз паўзу суразмоўца. — Але ў лесе пачаўся начны бой. Ранкам з групы вярнуліся толькі двое цяжка параненых байцоў. У той жа дзень Міхаіл вырашыў пайсці ў разведку сам, каб зразумець прычыны гібелі папярэдняй групы і забраць целы загінулых. Ён і яшчэ дзесяць разведчыкаў перайшлі раку, падняліся па схілу і дабраліся да варожых пазіцый. Было ціха, адтуль ніхто не страляў.

Далей расказ нагадвае падзеі, быццам з кадраў кінафільма. Джагафараў устаў ва весь рост. Яго салдаты таксама. Цішыня... Вось яны ўжо падыйшлі да траншэй. Аўтаматнымі стрэламі выклікаюць агонь на сябе. Цішыня. І раптам нечакана для ўсіх цішыню парушае куляметная чарга. Джагафараў і яго байцы адзін за другім падаюць у снег. Тыя, хто выжыў, папярэдзілі іншыя групы, што ісці ў лабавую атаку нельга — вораг падрыхтаваў засаду. Ноччу чарговая група пайшла ў абход участка, уступіла ў бой і вынесла загінулых байцоў і свайго камандзіра. Яго пахавалі 23 лютага.

Мая бабуля бачыла канверт з пахаронкай, у якім паведамлялася, што лейтэнант Джагафараў Міхаіл Гарыфавіч загінуў 22 лютага 1944 года ад кулі нямецкага снайпера. Пахаронку атрымала яго жонка, — распавядае Антон, — Праўда, з ёй бабуля не падтрымлівала сувязі, вайна раскідала родных па розных мясцінах. Калі немцы пачалі бамбіць Маскву, яна з маці выехала з Масквы ў Разань. Назад не сталі вяртацца, так там і засталіся.

Бабулі Наіле Абдулаеўне сёлета споўнілася 90 год. Яе памяць да гэтага часу захоўвае цяжкія ўспаміны аб ваенным ліхалецці. Антон не аднойчы чуў ад яе, як цяжка жылі яны ў эвакуацыі. З фронта прыходзілі страшныя звесткі. Пад Арлом загінуў бабулін бацька, прадзед Антона. Потым сям’я даведалася аб гібелі ўсіх яго трох братоў, у тым ліку і Міхаіла, таго самага Колькі «Свіста» з кінафільма «Пуцёўка ў жыццё». У яе сямейным архіве захавалася толькі фота з подпісам Міхаіла, якое ён адрасаваў свайму брату Абдуле, прадзеду Антона Ганенка. Фотаздымак зроблены ў 1934 годзе.

Міхаіл Джагафараў назаўсёды застаўся на беларускай зямлі. Ён пакоіцца ў брацкай магіле ў аграгарадку Добрамыслі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. На магіле стаіць ва ўвесь рост засмучаны воін, а побач пліты з імёнамі. Усяго больш за 200 савецкіх воінаў, якія загінулі падчас вызвалення навакольных вёсак. Сярод іх — імя лейтэнанта Міхаіла Джагафарава.

– Я звязаўся з сельвыканкамам, і мне прыслалі фота гэтага помніка, у музейным пакоі ёсць фота Міхаіла ў ваенным мундзіры. Гэта фота ёсць і на помніку. Спадзяюся, што ў наступным годзе з’езджу з сям’ёй на яго магілу. Запалю свечку, абавязкова зойдзем у школьны музейны пакой. Дзеці пакуль малыя, малодшаму сыну ўсяго тры гады, старэйшай дачцэ — 10. Але з цягам часу яны таксама будуць ведаць, хто такі іх продак, як жыў і ваяваў. Усім рэкамендую скласці сваю радаслоўную, сваё генеалагічнае дрэва. Магчыма, адкрыюцца нечаканыя таямніцы, — раіць Антон і прызнаецца, што з гадамі цікавасць да каранёў толькі расце.

Дарэчы, пасля Міхаіла Джагафарава па акцёрскай сцежцы ніхто ў іх сям’і не пайшоў. Але ад прадзеда Антону дасталіся такія якасці, як смеласць, сціпласць, аптымізм і вельмі ветлівая ўсмешка. Менавіта адкрытую ўсмешку Колькі «Свіста» і яго сумную песню запомніць кожны, хто паглядзіць гэты вельмі праўдзівы і пранікнёны першы савецкі гукавы фільм пра падлеткаў-беспрытульнікаў, якім дзяржава дапамагла атрымаць пуцёўку ў жыццё.


Источник информации: «Выдавецкі дом «Звязда»