Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Свята, якое зрабілі разам: у Дзень пажылых людзей судовыя эксперты наведалі Гомельскі сацыяльны пансіянат «Васільеўскі» 1 октября 2026

1 кастрычніка – Міжнародны дзень пажылых людзей. У Беларусі гэтая дата даўно перастала быць проста фармальнасцю ў календары. Яна ператварылася ў дзень, калі ўсё грамадства спыняецца, каб сказаць людзям сталага веку: вы важныя, вы патрэбныя, мы вас бачым.



У сацыяльным пансіянаце «Васільеўскі», што пад Гомелем, гэты дзень стаў асаблівым. Сюды разам са студэнцкай моладдзю, школьнікамі, прадстаўнікамі Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і птушкафабрыкі “Рассвет” прыехалі судовыя эксперты. Прычым не з пустымі рукамі, а з падарункамі і імкненнем добраўпарадкаваць тэррыторыю ўстановы.


Сёння ў пансіянаце пражываюць 160 пастаяльцаў. За апошнія гады ўстанова абнавілася і змянілася. Тут адрамантавалі пакоі і холы жылых карпусоў, клуб-сталовую. Работу будаўнікоў сёння прадаўжаюць самі пастаяльцы пансіяната і яго калектыў. У тым ліку і праз аздабленне памяшканняў карцінамі.

– У нас добра арганізавана работа па занятасці пастаяльцаў. Сярод іншага яны наведваюць творчыя гурткі, дзе ствараюць карціны з алмазнай мазаікі. Пасля яны ўпрыгожваюць сцены жылых пакояў, – патлумачыла дырэктар установы Святлана Чубукова.

Наборы для творчасці як найбольш запатрабаваны падарунак прывезлі і на гэты раз.
Яшчэ адзін падарунак – азеляненне. Багаты ландшафт пансіяната папоўніўся некалькімі новымі хвойнікамі – дрэвамі, якія будуць расці тут гадамі, нагадваючы пра гэты дзень.

– Упраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці актыўна падтрымлівае розныя рэспубліканскія і абласныя дабрачынныя праекты. Сёння мы з калегамі з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі пансіяната "Васільеўскі". Мы прыйшлі сюды з жаданнем зрабіць нешта важнае і патрэбнае. Дапамагаць пажылым людзям – наш абавязак і наша адказнасць перад тымі, хто ўсё жыццё працаваў на карысць краіны. Бачыць іх удзячнасць і ведаць, што мы зрабілі іх жыццё крыху больш камфортным – лепшая ўзнагарода, – патлумачыла дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт-біёлаг Анастасія Кячко.




Пасля – суботнік. Моладзь дружнай талакою, узброіўшыся рабочым інструментам, падмяла дарожкі і зграбла з газонаў апаўшую ліству.

– Гэта не першы вопыт удзелу ў дабрачынных акцыях. Яшчэ ў гады студэнцтва мы разам з аднагрупнікамі прыязджалі ў падобную ўстанову напярэдадні Новага года. Рыхтавалі для бабуль і дзядуль творчую праграму, каб павіншаваць іх са святамі. Сёння ж я выклікалася дапамагчы фізічна. Мне здаецца абедзьве формы ўвагі да сталага пакалення вельмі ўдалыя і прыносяць задавальненне і моладзі, і пажылым людзям, якім не хапае нашага юнацкага задору, – расказала дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт-біёлаг Анастасія Пяхота.

Наведванне пансіяната “Васільеўскі” – адно з мерапрыемстваў у межах дабрачыннага марафона “Дабро старэйшым”, прымеркаванага да Дня пажылых людзей. Праект – частка рэспубліканскага маладзёжнага марафона “ДАБРО.БЕЛ”.


Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці