Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Захаваць памяць аб спаленых вёсках: у Гомелі прэзентавалі выставу, прысвечаную Хатынскай трагедыі 20 марта 2026

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбылося адкрыццё выставы «”Вецер часу не развее памяць нашу...” Спаленыя вёскі Гомельшчыны», прымеркаванай да Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. Гэта дата штогод напамінае нам аб 22 сакавіка 1943 года, калі разам з жыхарамі была спалена вёска Хатынь. Але падобны лёс напаткаў дзясяткі іншых населеных пунктаў па ўсёй Беларусі, у тым ліку і на Гомельшчыне.

Толькі ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне афіцыйна ўсталявана 19 «сясцёр Хатыні». Акрамя таго, у ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд устаноўлена 1813 сельскіх населеных пунктаў Гомельшчыны, поўнасцю або часткова знішчаных нацыстамі.
Убачыць рэальны ўрон, нанесены вёскам Гомельскай вобласці ў гады вайны, можна на новай выставе. Арганізатары паставілі перад сабой задачу асвятліць лёс кожнага раёна. Адным з ключавых элементаў экспазіцыі сталі нямецкія аэрафотаздымкі, якія паказваюць спаленыя вёскі – а дакладней тое, што ад іх засталося.

Асаблівую значнасць праекту надае той факт, што з 2021 года Генеральная пракуратура вядзе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа. Гэта паставіла праблематыку генацыду на адно з вядучых месцаў як у гістарычнай, так і ў юрыдычнай навуцы. На Гомельшчыне пракуратурай праводзіцца велізарная работа: вывучаюцца тысячы старонак архіўных дакументаў, праводзяцца раскопкі месцаў масавых захованняў у Брагінскім, Веткаўскім, Добрушскім, Чачэрскім і іншых раёнах. Дзякуючы гэтаму спіс спаленых населеных пунктаў вобласці папоўніўся яшчэ на 359 назваў.

Як адзначыў загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў, работа над праектам «”Вецер часу не развее памяць нашу...” Спаленыя вёскі Гомельшчыны» вялася больш за год, дзякуючы чаму ўдалося сабраць унікальныя матэрыялы і здымкі. У падрыхтоўцы праекта прынялі ўдзел Нацыянальны архіў Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Расійскі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, а таксама Рагачоўскі, Жлобінскі, Тураўскі і Чачэрскі музеі.
– Дзякуючы сумеснай працы памяць аб трагічных старонках нашай гісторыі будзе захавана. Важна, каб жахі, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не паўтарыліся на беларускай зямлі, – падкрэсліў намеснік пракурора Гомельскай вобласці Юрый Булынка. – З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд вывучаны тысячы старонак архіўных дакументаў, апытаны сотні сведак і відавочцаў. Праца па ўсталяванні ўсіх вінаватых і ахвяр страшных злачынстваў вядзецца няспынна.
Адным з першым з экспазіцыяй азнаёміўся намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці Віталій Ларкін. Яго ў ліку ганаровых гасцей запрасілі на адкрыццё выставы.

– Гэтая выстава – яшчэ адзін напамін аб тым, што планамернае знішчэнне беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны было не следствам баявых дзеянняў, а мэтанакіраванай палітыкай гітлераўскага генацыду, – падкрэсліў Віталій Ларкін. – Сёння дзякуючы сумеснай працы пракуратуры, архівістаў, гісторыкаў і судовых экспертаў мы ўздымаем новыя пласты інфармацыі, знаходзім новыя доказы гэтых злачынстваў.

Праца судовых экспертаў дазваляе дакладна зафіксаваць сляды злачынстваў, вызначыць узрост і пол ахвяр, а таксама прычыны іх смерці. Часта менавіта эксперты знаходзяць рэчы, якія становяцца маўклівымі сведкамі тых страшных падзей – асабістыя рэчы, пасведчанні, манеты, крыжыкі.

Выстава «”Вецер часу не развее памяць нашу...” Спаленыя вёскі Гомельшчыны» ўвабрала ў сябе боль некалькіх пакаленняў беларусаў. Кожны можа прыйсці і ўбачыць на ўласныя вочы доказы таго, што перажыла Гомельшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І словы Віталія Ларкіна гучаць тут як напамін: забыць гэта – значыць здрадзіць памяці дзясяткаў тысяч бязвінна загінуўшых.


Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці