Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Дэпутацкі корпус і развіццё рэгіёнаў: ва ўпраўленні ДКСЭ па Гомельскай вобласці адбыўся адзіны дзень інфармавання 20 марта 2026

Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці адбыўся адзіны дзень інфармавання. Тэмай сустрэчы сталі сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў – ад эканомікі да сацыяльнай інфраструктуры. Галоўны спікер, запрошаны для ўдзелу ў мерапрыемстве, – дэпутат Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксей Сомаў.

Перад тым як перайсці да асноўнай тэмы, Аляксей Ігаравіч парушыў традыцыйны рэгламент і пачаў сустрэчу са знаёмства, расказаўшы пра дзейнасць дэпутацкага корпуса. Ён патлумачыў, што 40 дэпутатаў гарадскога Савета прадстаўляюць розныя тэрыторыі Гомеля, і іх работа – не толькі ўдзел у сесіях і галасаванне, але і штодзённая камунікацыя са службамі горада, вырашэнне практычных пытанняў выбаршчыкаў.

– Асноўная задача – дапамагаць грамадзянам, – адзначыў дэпутат. – Гэта і садзейнічанне ў працаўладкаванні, і падтрымка спартсменаў, і, безумоўна, «камуналка». Ёсць пытанні, якія мы можам вырашыць адразу, а ёсць тыя, дзе патрэбен час і сродкі.

Пасля жывога дыялогу з калектывам, дзе гучалі пытанні аб стане дарог, развіцці спартыўнай інфраструктуры і перспектывах будаўніцтва новых аб'ектаў (такіх як аквапарк ці Усходні абход), удзельнікі перайшлі да асноўнай тэмы інфармавання – развіцця рэгіёнаў.
Аляксей Сомаў падкрэсліў, што моцныя рэгіёны з'яўляюцца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ўжо другое пяцігоддзе. Галоўная мэта – стварыць умовы, каб тэрыторыі за межамі Мінска і абласных цэнтраў сталі прывабнымі для жыцця і працы, каб вясковы лад жыцця стаў папулярным.

Нягледзячы на сусветныя тэндэнцыі ўрбанізацыі, у Беларусі захоўваецца курс на развіццё вёскі.

– Калі не будзе вёскі, дзяржава існаваць не зможа, – нагадаў дэпутат словы Кіраўніка дзяржавы.

Сёння мы бачым рост валавога рэгіянальнага прадукту ва ўсіх абласцях, рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Гэты падыход дазволіў стварыць тысячы новых працоўных месцаў і запусціць вытворчасці нават у невялікіх раёнах.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю медыцыны і адукацыі. Аляксей Сомаў расказаў аб працы міжраённых цэнтраў, перасоўных фельчарска-акушэрскіх пунктаў, абнаўленні аўтапарку хуткай дапамогі. У сферы адукацыі таксама ёсць добрыя набыткі. Беларусь уваходзіць у сусветныя рэйтынгі па якасці базавай адукацыі і займае 40-е месца ў Індэксе ўзроўню адукацыі ПРААН.

Адным з галоўных прыярытэтаў новай пяцігодкі дэпутат назваў будаўніцтва арэнднага жылля – каля 5 млн кв. м. Гэта інструмент для замацавання кадраў на месцах і развіцця рэгіёнаў. Акрамя таго, ужо да канца 2026 года стаіць задача забяспечыць 100% кароткіх маршрутаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў дарогамі з удасканаленым пакрыццём.

Падводзячы вынік, Аляксей Сомаў падкрэсліў, што развіццё рэгіёнаў – адзін з сямі прыярытэтаў Программы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. Ён нагадаў словы Прэзідэнта аб тым, што якасны рост дабрабыту павінен забяспечвацца эфектыўнай працай, дысцыплінай і адказнасцю кожнага.

– Ад перспектыў развіцця кожнага кутка нашай Гомельшчыны і ўсёй Беларусі залежыць, наколькі моцнай і квітнеючай будзе наша дзяржава, – рэзюмаваў дэпутат, заклікаючы прысутных да сумеснай працы на карысць роднага горада і краіны.


Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці