Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Даказаць сваю правату. З якімі пытаннямі звяртаюцца ў Дзяржкамітэт судовых экспертыз 4 ноября 2021

Нядаўна ў райвыканкаме выязны прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію” правёў начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці Мікалай Платніцкі. Пацікавіўся ў яго, з якімі пытаннямі прыходзяць людзі на прыём і звяртаюцца ў Дзяржкамітэт.

— Давайце пачнём з прыёму ў Мядзеле. Ці звярталіся людзі?

 — Быў званок з іншага раёна, які тычыўся ацэначнай таваразнаўчай экспертызы па стане транспартных сродкаў пасля пажару. Адзін з суседзяў па прычыне канфлікту падпаліў машыну іншага, пацярпеў яшчэ матацыкл. Крымінальная справа расследавана, накіравана ў суд. Усё пытанне ў тым, колькі кампенсаваць пацярпеламу за пашкоджаную маёмасць. Нашы спецыялісты правялі адну аўтатаваразнаўчую экспертызу, потым яшчэ і дадатковую. Далі ацэнку і па сукупным кошце ўсіх транспартных сродкаў на момант падпалу, і асобны кошт камплектуючых часцей на матацыкле, якія гаспадар заменьваў. Але ў сваякоў падазронага ёсць нязгода з той ацэнкай, якую заяўляе пацярпелы. Давялося тлумачыць, што мы даём ацэнку зыходзячы са стану транспартных сродкаў, іх сярэдняга кошту і запасных частак, але пацярпелы мае права дадаткова спаганяць яшчэ расходы на пошук, набыццё запчастак, утылізацыю машыны — у тым ліку яшчэ і прычыненыя матэрыяльныя страты ў пэўным памеры, якія ўстанаўлівае суд. Тут сукупнасць: не толькі па заключэнні судовага эксперта, але яшчэ шэраг момантаў, якія суд можа абазначыць як тое, што належыць спаганяць з віноўніка.

 — Разумею, такія прыёмы і «прамыя лініі» праводзяцца пастаянна. Якія пытанні найчасцей хвалююць людзей?

— На пачатковым этапе работы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз звярталіся з самымі разнастайнымі пытаннямі, якія былі найперш у кампетэнцыі мясцовых улад. Потым у людзей інфармацыі стала больш, таму звяртаюцца, калі ёсць неабходнасць правесці экспертныя даследаванні. Але не ўсе ведаюць, дзе іх можна правесці, якія ёсць віды судовых экспертыз, якія пытанні паставіць перад судовымi экспертамі. Задзейнічана адміністрацыйная, крымінальная, грамадзянская судавытворчасць, калі чалавек хоча даказаць сваю правату ці невінаватасць, ці хоча даведацца, што магло б быць. Напрыклад, праводзім фінансава-эканамічныя экспертызы, у тым ліку на дагаварной аснове для прыватных прадпрыемстваў, даём глыбокую ацэнку фінансавага стану і работы кампаніі. Так, прыходзілі прадстаўнікі прыватнага бізнесу — першапачаткова праверыць подпіс на сапраўднасць.

Увогуле Камітэт судовых экспертыз працуе па патрэбнасці, найперш, праваахоўных органаў, суда і ў пэўнай меры — грамадзян. Нават для фізічных асоб праводзім досыць шырокі спектр экспертных даследаванняў — тыя ж судова-медыцынскія па цяжкасці прычыненых цялесных пашкоджанняў. Гэта не абавязкова нешта агульнакрымінальнае. Чалавек атрымаў траўму на вытворчасці і яму кажуць: «Правялі спецправерку, дробязь нейкая». А чалавек доўга лячыўся… І ён прыходзіць сам да нас, каб атрымаць заключэнне, даказаць сваю правату і штосьці патрабаваць з наймальніка.

Ёсць і судова-псіхіятрычныя экспертызы. Запатрабаваны яны найперш пры здзелках з нерухомасцю, напрыклад, калі чалавек стаяў на ўліку ў нарколага ці псіхіятра, але не быў прызнаны недзеяздольным, ці ў сілу ўзросту ёсць асцярога, што ён можа не разумець юрыдычных наступстваў сваіх дзеянняў. Прыходзяць, праводзім судовую экспертызу і даём заключэнне, ці можа чалавек падпісваць завяшчанне ці дароўную на дом.

Нашы кантакты ёсць паўсюдна на сайтах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, мясцовых органаў улад. Калі ёсць пытанні, і чалавек не знайшоў адказу на інфармацыйным рэсурсе, там ёсць кантактныя тэлефоны — можна патэлефанаваць і агучыць сваё пытанне. У тым лiку можна звярнуцца да спецыялiстаў Мядзельскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Так, не на ўсе з іх можна адказаць па тэлефоне. У шэрагу выпадкаў, калі ідзе канкрэтнае пытанне па правядзенні экспертных даследаванняў, патрэбна прыязджаць да нашых спецыялістаў, паказваць дакументы. Зыходзячы з нашых магчымасцей даём адказ.


Источник информации: Нарачанская Зара