Традыцыйна чатырнаццатага кастрычніка – у дзень маці і праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы – работніцы упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці наведваюць знакавыя і святыя месцы Беларусі. На гэты раз жанчыны пабылі з экскурсіяй у горадзе Талочын Віцебскай вобласці. Паездка стала падарункам жаночай палове калектыву да святаў ад упраўлення і прафсаюзнага камітэта.
Спачатку экскурсавод пазнаёміла турыстак з рэшткамі старажытнага горада Друцк, які вядомы з 1101 года.

У гэтых месцах – карані Льва Сапегі, беларускага касманаўта Уладзіміра Кавалёнка і першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай. У сярэднявеччы Друцкае княства лічылася даволі моцным, знаходзілася на шляху «з варагаў у грэкі», карысталася папулярнасцю ў гандляроў. Сёння Друцк - музей пад адкрытым небам, тут захаваліся амаль усе элементы старажытнага горада.


Сам Талочын ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1433 годзе. У 1604 годзе канцлер ВКЛ Леў Сапега заклаў тут манастыр, яго будавалі 30 гадоў, аднак войны не пашкадавалі яго. У канцы 18 стагоддзя на яго падмурку пабудавалі Свята-Пакроўскую царкву ў стылі позняга віленскага барока, якая і па гэты дзень разам з Пакроўскім жаночым манастыром ўпрыгожвае горад.


Пасля гэтага экскурсія працягнулася ў касцёле Святога Антонія, пабудаваным у канцы 18 стагоддзя ў стылі псеўдаготыкі. На зваротным шляху жанчыны змаглі ўбачыць рэшткі вадзянога млына дваран Славінскіх канца 18-пачатку 19 стагоддзя. Экскурсія ў святочны дзень дала магчымасць жанчынам больш даведацца пра родны край, яго гісторыю, атрымаць асалоду ад прыгажосці яго прыроды і новыя душэўныя сілы.

Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці