Урачысты мітынг, работа тэматычных выстаў, ваенна-гістарычная рэканструкцыя, пачастункі «салдацкай кашай» – у Гомелі адзначылі 85-годдзе з дня заснавання пртызанскага атрада «Бальшавік». У святочных мерапрыемствах прыняў удзел калектыў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці.
Сёння на месцы, дзе летам 1941-га пачаў «пісаць» сваю гераічную гісторыю «Бальшавік», знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка». Гэта жывы летапіс мужнасці, месца, дзе мінулае служыць наказам новаму пакаленню.
– Літаральна некалькі месяцаў таму менавіта тут я вымаўляў словы Прысягі. Гэтае месца тады стала для мяне кропкай адліку майго прафесійнага жыцця. Сёння я вярнуўся сюды ўжо ў якасці ўдзельніка юбілейных урачыстасцяў, але адчуванні не сталі слабейшымі. Кожны раз, калі я пераступаю мяжу гэтага мемарыяла, я нанава перажываю той дзень, калі даў слова служыць праўдзе і закону, – падзяліўся эксперт Гомельскага міжраённага аддзела ДКСЭ Канстанцін Якубенка.
– Я шмат чытаў пра подзвіг атрада «Бальшавік», але бачыць гэтае месца сваімі вачыма – зусім іншае. Ты разумееш, што менавіта тут, на гэтай паляне, звычайныя людзі прымалі неверагодныя рашэнні, ахвяравалі сабой дзеля свабоды. І асабліва востра я ўсвядоміў, што мая служба ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз – таксама частка служэння Радзіме, толькі ў мірны час, – дадаў эксперт Гомельскага МРА Дзмітрый Пянько.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці
