Фільм «Душа абаронцы», прэм'ерны паказ якога адбыўся 12 лютага, працягвае заваёўваць сэрцы беларускага гледача. Калектыў Светлагорскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз на ўласныя вочы ўбачыў, што так чапляе ў новай кінастужцы і чаму пасля яе прагляду моладзь хоча служыць у пагранічных войсках.
– Ведаеце, я чакаў убачыць нешта накшталт баявіка ці патрыятычнага плаката, – прызнаецца намеснік начальніка Светлагорскага МРА падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Вежнавец. – А ўбачыў жывых людзей. Тых, хто стаіць на мяжы. І зразумеў: у іх там усё як у нас. Тая ж руціна, тыя ж сумненні, тыя ж размовы начамі пра дом. Проста яны кожны дзень выбіраюць: быць моцнымі. Гэта вельмі цвярэзіць.
Аляксандр Вежнавец наогул рэдка гаворыць пра пачуцці – праца не тая. Але тут голас змякчаецца:
– Фільм нагадаў, што за кожным пратаколам, за кожнай экспертызай – таксама чалавек. Мы з калегамі штодзень шукаем праўду ў лічбах, слядах, аналізах. А там, на мяжы, праўда простая: каб мы маглі спакойна хадзіць на працу, нехта павінен быць гатовым закрыць нас сабой. Пра гэта фільм.
Большая частка здымак дакументальнага праекта праходзіла на тэрыторыі нашай вобласці – у Гомельскай пагранічнай групе. Ваеннаслужачыя гаварылі пра сваю паўсядзённую службу, іграць ім не давялося – усё ў кадры адбывалася па-сапраўднаму і з першага дубля. І менавіта гэта падкупіла гледача.
– Пасля фільма ідзеш дадому і чуеш цішыню. І яна здаецца нейкай асаблівай. Таму што ведаеш: гэтую цішыню ахоўваюць. Нашы хлопцы, – дзеліцца начальнік сектара Юрый Куклін.
Сам фільм, дарэчы, ужо называюць адной з галоўных падзей у беларускім дакументальным кіно. Ён удастоены дыплома XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2025». Але супрацоўнікі Светлагорскага МРА ўбачылі, у першую чаргу, твары і зразумелі: у абаронцаў сапраўды ёсць душа. І яна баліць за нас.
Ганна Кодалава, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Гомельскай вобласці
