Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Клопат аб экалогіі пачынаецца з кожнага чалавека 15 апреля 2022

Па добрай традыцыі супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці і міжраённых аддзелаў прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Тыдзень лесу 2022". Працоўны атрад упраўлення высаджваў сеянцы елак і соснаў у Магілёўскім раёне паблізу в. Ракузаўка на ветравальна-бураломнай дзялянцы – тут дрэвы пацярпелі з-за моцнага ветру ў студзені-лютым бягучага года.

У гэтым месцы супрацоўнікі працавалі не першы раз – дапамогу працаўнікам лесу аказвалі яшчэ напрыканцы сакавіка, а вярнуўшыся сюды зноў, убачылі, як прыняліся іх саджанцы. Зрэшты, як патлумачылі ў Магілёўскім лясніцтве, глядзець прыжывальнасць трэба праз сем гадоў – павінен выжыць мінімум кожны другі саджанец.


За некалькі гадзін працы добраахвотнікі засадзілі гектар – каля пяці тысяч сеянцаў. Усяго ж ад моцнага ветру толькі на тэрыторыі Магілёўскага лясніцтва пацярпела больш за 40 га лесу. Цяпер вядуцца работы па ўборцы буралому і пасадцы новых раслін. Зрэшты, як заўважаюць у лясніцтве, у лесе заўсёды шмат працы: гэта і догляд за ляснымі культурамі, і пасадка сеянцаў, і збор бярозавага соку, і ўборка смецця, і навядзенне парадку ўздоўж дарог. Таму дапамога добраахвотнікаў заўсёды вітаецца.

Папрацавалі на карысць прыроды на гэтым тыдні і супрацоўнікі Крычаўскага, Асіповіцкага і Бялыніцкага міжраённых аддзелаў ДКСЭ. Усе прымалі ўдзел з задавальненнем – клопат аб экалогіі пачынаецца з кожнага асобнага чалавека.


Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці