Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Начальнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці ўручыў юным беларусам пашпарты 16 марта 2022

Начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык, кіраўніцтва і работнікі Бялыніцкага міжраённага аддзела ДКСЭ прынялі ўдзел ва ўсебеларускай патрыятычнай акцыі "Мы – грамадзяне Беларусі", прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень па ўсёй краіне прадстаўнікі ўлады, аўтарытэтныя і заслужаныя людзі ўрачыста ўручалі пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі 14-ці гадоў. У г.Бялынічы ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства сабрала зала раённага Цэнтра культуры. Яраслаў Федарынчык адным з першых узняўся на сцэну, каб павіншаваць усіх з Днём Канстытуцыі, а асабліва юнакоў і дзяўчат, якія хваляваліся ў прадчуванні важнай у іх жыцці падзеі.

– Атрымаўшы сёння пашпарт, вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з усімі прапісанымі ў Канстытуцыі правамі і абавязкамі, – адзначыў у сваёй прамове Яраслаў Федарынчык. – Жадаю вам быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, сумленна працаваць на яе развіццё, дасягаць поспехаў у розных сферах жыцця.

Акрамя пашпартоў 14-гадовым хлопцам і дзяўчатам, сярод якіх былі і дзеці работнікаў ДКСЭ, уручылі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і кнігу аб нашай краіне. У сваю чаргу навучэнцы прамовілі словы клятвы: «Мы добра разумеем, што ад нашага пакалення залежыць будучыня краіны. Прымаючы на сябе ганаровае званне грамадзян Беларусі, мы клянемся сваёй вучобай, сваёй працай і сваімі справамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя сваёй краіны. Мы клянемся быць вартымі памяці дзядоў і прадзедаў, якія аддалі свае жыцці за гонар і незалежнасць нашай Радзімы».

Працягвалася мерапрыемства святочным канцэртам, у якім прагучала нямала кранальных песень пра самае дарагое для кожнага беларуса. Напрыканцы юным удзельнікам свята ўручылі салодкі падарунак ад упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці.

– Вельмі прыемна, што ў гэты святочны дзень я атрымліваю дакумент, які сведчыць маю асобу і тое, што я з'яўляюся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Гэты дзень стане вельмі значным і запамінальным для мяне, – падзялілася ўражаннямі 14-гадовая вучаніца Кацярына Мазакова.

– Я вельмі рада, што ў такі дзень – Дзень Канстытуцыі Беларусі – я атрымала такі важны для чалавека дакумент – пашпарт, – дадала Аліна Губіч. – Я ганаруся тым, што я грамадзянка Рэспублікі Беларусь.



Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік УДКСЭ па Магілёўскай вобласці