Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Ісціну вызначыць эксперт 13 марта 2020

Знаёмцеся: гэта дзяржаўны судовы эксперт экспертна-крыміналістычнага сектара Шумілінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Надзея Хахлова. Па выніках работы упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці яна прызнана лепшай па прафесіі ў намінацыі «Лепшы дзяржаўны судовы эксперт міжраённага аддзела».

Пра дзейнасць экспертаў судовай экспертызы  большасць  ведае толькі па фільмах і кнігах. Дэтэктыўныя гісторыі расказваюць, як іх прафесіяналізм, пільнасць дапамагаюць зрушыць з месца крымінальныя справы, разблытаць клубок злачынстваў. Але работа эксперта не такая яркая, як паказваюць у фільмах. Яна ўяўляе што-дзённы карпатлівы пошук доказаў, выездаў на месцы здарэнняў і іншае. У 2019 годзе Надзея Іванаўна ўдзельнічала ў якасці спецыяліста ў 201 аглядзе месцаў здарэнняў, 74 іншых следчых дзеяннях, выканала 23 дактыласкапічныя экспертызы, на месцах здарэнняў выявiла сляды, па якіх пасля было ўстаноўлена 17 супадзенняў з падазронымi асобамі.

«Экспертам я працую ўжо  каля 7 год, – распавядае Надзея Іванаўна. – Праца складаная, але ў той жа час вельмі патрэбная. Чалавек, які абраў прафесію эксперта, павінен быць дапытлівым, эрудзіраваным, назіральным, уважлівым. Работа патрабуе адказнасці і дакладнасці, бо часта выдадзеныя намі заключэнні з’яўляюцца асноўнымі доказамі ў крымінальнай справе.

Нярэдка эксперт адыгрывае значную ролю пры аглядзе месцаў здарэнняў. Мы вынаходзiм і даследуем улікі на месцы злачынства. Пры гэтым выкарыстоўваем розныя крыміналістычныя метады, даследуем матэрыялы ў лабараторных умовах».

Сваю цяперашнюю работу Надзея Хахлова  лічыць цікавай. Трэба сказаць,  ёй  ёсць з чым яе параўноўваць. Яна амаль сем год пасля заканчэння БДУ адпрацавала юрыстам у райбальніцы. Выязджаць на месцы здарэнняў  судоваму эксперту падабаецца больш, чым увесь дзень праводзіць  у  кабінеце.

– А ці былі выпадкі, калі толькі з дапамогай экспертыз устанаўліваўся злачынца? – пытаемся ў Надзеі Іванаўны.

– Так, былі. Летась, напрыклад, былі падазроныя ў крадзяжы аўтамабіляў. Але доказаў не было. Занадта прафесійна дзейнічалі. Усю надзею ўсклалі на экспертызу. I яна цалкам даказала вінаватасць падазроных.

Век высокіх тэхналогій не дазваляе дзяржаўнаму судоваму эксперту працаваць толькі з багажам ранейшых ведаў, тут неабходна ісці ў нагу з часам. І гэта таксама даспадобы Надзеі Хахловай, якая ўпэўнена, што толькі павышаючы ўзровень сваiх ведаў, можна заставацца сапраўдным прафесіяналам.


Источник информации: http://www.shumilino.by/?p=53068