Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Медыцынскі судовы эксперт пра асаблівасці прафесіі, рэзанансныя справы і даследаванні на генным узроўні 13 июля 2020

Некалькі гадоў таму Магілёў ускалыхнула навіна пра жорсткае забойства  прадпрымальніка. Зніклага мужчыну шукалі родныя, міліцыя і нават экстрасэнсы. Пры першасным аглядзе дома, дзе ён жыў, нічога падазронага не знайшлі, але, калі на месца здарэння выехалі спецыялісты упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, карціна праяснілася. Было знойдзена некалькі кропель крыві, якія, па сутнасці, указалі на крымінальны след здарэння. Падазраваныя ў рэшце рэшт прызналіся, што забілі прадпрымальніка і зацэментавалі яго ў падлогу гаража.

Забойцу выдала ... шкарпэтка

Марыя Драніца, намеснік начальніка упраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару УДКСЭ па Магілёўскай вобласці, можа расказаць шмат гісторый пра тое, як раскрываліся гучныя крымінальныя справы. Якім бы хітрым і асцярожным ні быў злачынца, усё роўна знойдзецца дробязь, якая яго абавязкова выдасць – валасы, сляды поту або сліны, любы іншы клетачны матэрыял, на аснове якога можна будзе ідэнтыфікаваць яго і прыцягнуць да адказнасці.

Не менш рэзанансным было злачынства ў Глуску, калі зніклі 30-гадовая жанчына і яе трохмесячная дачка. Аб гэтым міліцыі паведаміў сужыцель пацярпелай, які асабіста ўдзельнічаў у пошуках, а потым высветлілася, што менавіта ён і быў забойцам.

- Наш эксперт знайшоў па месцы жыхарства мужчыны шкарпэтку са слядамі крыві, па якой было ўстаноўлена, што кроў належыць менавіта зніклай жанчыне, – расказвае Марыя Андрэеўна. – Потым абвінавачаны сам паказаў, дзе закапаў сваіх ахвяр.

Цяжэй даводзіцца, калі клетачны матэрыял, сабраны на месцы злачынства, няма з чым ідэнтыфікаваць. Але гэта не значыць, што правапарушальнік можа жыць спакойна.

- Генетычныя характарыстыкі знойдзенага матэрыялу мы змяшчаем у базу АІС “ДНК”, і рана ці позна злачынец абавязкова там “засвеціцца”, – кажа суразмоўца. – Напрыклад, нядаўна раскрыты крадзеж, які быў здзейснены некалькі гадоў таму ў Асіповічскім раёне. Мужчыну затрымалі, і высветлілася  яго дачыненне да нераскрытай справы.

На экспертызу проста з раддома

Платныя экспертызы па заявах ад насельніцтва або па судовых пастановах – яшчэ адзін кірунак работы дзяржаўных судовых экспертаў УДКСЭ па Магілёўскай вобласці. Асноўнае пытанне – ўстанаўленне або выключэнне бацькоўства.  У сярэднім да эскпертаў паступае прыкладна 5-6 такіх матэрыялаў на тыдзень. Бывае, што да экспертаў звяртаюцца адразу ж з раддому, калі на дзіця нават яшчэ няма пасведчання аб нараджэнні. Мужчына гатовы прызнаць сваё бацькоўства, але крыху сумняваецца. І спецыялісты праводзяць экспертызу. У гэтым выпадку ўсё абыходзіцца без  судовых цяжбаў. Цяжэй бывае зразумець тых бацькоў, якія ўстанаўліваюць сваё дачыненне да нараджэння ўжо дастаткова дарослых дзяцей. Незразумела, што рухае чалавекам, якога  дзіця  гадоў 8 або 10 называла бацькам.

Пра ўсё раскажуць гены 

Калі ў выпадку з устанаўленнем бацькоўства праблем з клетачным матэрыялам не бывае, то ў крымінальных справах ён здабываецца вельмі складана. Спецыяліст ДКСЭ павінен яшчэ знайсці яго на месцы здарэння, а потым зняць шляхам саскрэбу, выразання, змыву. У лабараторных умовах "узломваюцца" клетачныя абалонкі, каб атрымаць доступ да ДНК. Пры дапамозе ПЛР колькасць копій ДНК, неабходных спецыялісту для даследавання, штучна павялічваецца, затым ўсё гэта змяшчаецца ў спецыяльны аналізатар. Праграмнае забеспячэнне дазваляе прааналізаваць інфармацыю і расшыфраваць генатып.

Дарэчы, што датычыцца ўстанаўлення бацькоўства, то там аналіз праводзіцца крыху інакш. Генатып дзіця, як вядома, фарміруецца з храмасом маці і бацькі. Калі спецыялісты не находзяць там храмасом бацькі, бацькоўства выключаецца.

Галоўнае абстрагавацца

У галаве ўсплываюць гісторыі адна за другую страшнейшыя, жорсткасць ліхадзеяў не паддаецца ніякаму разуменню. Можна сабе ўявіць, што  даводзіцца перажываць тым людзям, якім гэта ўсё прыходзіцца даследаваць. Судовыя эксперты ДКСЭ якраз і знаходзяцца на той самай “перадавой”, дапамагаюць следчым фарміраваць доказную базу.

- Заўсёды страшна, калі ўнікаеш у абставіны якога-небудзь злачынства, –кажа Марыя Драніца. – Мы стараемся абстрагавацца і не думаць, што стаіць за тымі аб’ектамі, якія мы даследаваем, каб захаваць сябе яшчэ і для сям’і, і для сяброў.


Источник информации: http://zviazda.by/be/news/20200708/1594223137-medycynski-sudovy-ekspert-pra-asablivasci-prafesii-rezanansnyya-spravy-i