Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
Без VIN вінаватыя 10 июня 2020

Любы аўтааматар ведае, што такое VIN-код аўтамабіля. Гэта ўнікальная камбінацыя з 17 сімвалаў, якая выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі канкрэтнай машыны. Яна ўтрымлівае інфармацыю пра краіну вытворчасці аўто, яго марку, мадэль, год выпуску і часткова пра камплектацыю. Пры пастаноўцы аўтамабіля на дзяржаўны ўлік і зняцці з яго інспектары МРЭА ДАІ заўсёды звяртаюць пільную ўвагу на VIN. І тут уладальнікаў патрыманых аўто могуць чакаць непрыемнасці. Пра тое, з чым яны звязаны і як іх пазбегнуць, гутарым з начальнікам Пастаўскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Аляксеем Самусенкам.

 Аляксей Міхайлавіч, у якіх выпадках узнікаюць праблемы з ідэнтыфікацыйным нумарам?

— Аўтамабіль мае ўласцівасць старэць і іржавець. Карозіі падвяргаюцца ў тым ліку дэталі, на якія заводам-вытворцам нанесены маркіровачныя адзнакі. Машына можа эксплуатавацца на працягу многіх гадоў, рэгулярна праходзіць тэхагляд. А аднойчы пры спробе яе прадаць можа стацца, што VIN не чытаецца.

Альбо іншы прыклад: аўтамабіль трапіў у ДТЗ, і маркіраваная дэталь пашкодзілася. У працэсе аднаўлення аўто месца нанясення VIN-кода прыйшлося выраўнаваць ці выразаць і ўварыць у іншую дэталь. Сляды такога кустарнага рамонту не схаваюцца ад вопытнага вока дзяржаўтаінспектара, які займаецца рэгістрацыяй і зняццем з уліку транспартных сродкаў. Убачыўшы, што ў раёне размяшчэння маркіровачнай адзнакі праводзіліся нейкія работы ці то зварка, ці то паўторная афарбоўка, ён адправіць машыну на стаянку да правядзення экспертызы. Яна павінна ўстанавіць, што нумары родныя, належаць менавіта гэтай машыне.

— А калі бывае наадварот?

— Калі аўто крадзенае або ўвезена ў нашу краіну без належнага мытнага афармлення, так званай растаможкі. У першым выпадку цяперашняга гаспадара машыны чакае доўгая судовая справа з яе законным уладальнікам. У другім — аўтамабіль прапануюць растаможыць. Але не кожны чалавек будзе гэта рабіць, бо афармленне якой-небудзь «Аўдзі» 1988 года выпуску зараз пацягне тысячы на тры еўра. І ў выніку машына «завісне». «Крымінальным» можа аказацца не толькі аўтамабіль, які нядаўна трапіў у Беларусь, але і прыгнаны з Еўропы 20-25 гадоў назад. У канцы 90-х — пачатку 2000-х нумары пераварвалі і перабівалі вельмі якасна. Такая машына магла некалькі разоў праходзіць агляд на пляцоўцы ДАІ, мяняючы ўладальнікаў, і не выклікаць падазрэнняў у інспектараў. Але з цягам часу на месцы правядзення работ усыхае шпатлёўка, трэскаецца фарба. гэта становіцца прычынай вялікіх непрыемнасцяў для гаспадара аўто.

— Як жа засцерагчы сябе, набываючы машыну?

— Перш за ўсё трэба праверыць яе праз спецыяльныя агульнадаступныя сайты ў інтэрнэце. Многія з іх па VIN-кодзе дадуць поўны расклад на аўто — якім яно выехала з завода. Таксама варта звярнуць увагу на даты. Практычна ўсе дэталі аўтамабіля маюць маркіроўку з нанясеннем года выпуску. У ідэале ён павінен супадаць з указаным у тэхпашпарце. Таму калі па пашпарце машына ў вас 1999 года, а дэталі 1997-га, 1998-га ці наогул 2000-га, гэта павінна быць сігналам, што з ёй штосьці не так. Але агледзець трэба не адну дэталь з нейкага боку, а ўсе па перыметры машыны, бо нельга выключыць выпадкі, калі нешта маглі мяняць пасля ДТЗ.

— Якія яшчэ парады можна даць патэнцыяльным пакупнікам?

— Не купляйце машыну па цане, ніжэйшай за рыначную. Цудаў не бывае, хутчэй за ўсё, з танным аўто ўзнікнуць праблемы не тэхнічнага характару. Яно можа аказацца двайніком таго, які ездзіць па дарогах іншай краіны, або наогул знаходзіцца ў закладзе ў банку. У такім выпадку будзьце гатовыя, што машыну ў вас забяруць на штраф-стаянку і вы яе больш не ўбачыце. Пры продажы аўто абавязкова цалкам пераафармляйце яго, а не выпісвайце пакупніку даверанасць. Таму што ў выпадку здзяйснення ДТЗ адказнасць будзе несці не толькі вадзіцель аўтамабіля, але і яе гаспадар як уладальнік крыніцы павышанай небяспекі.

У пачатку нашай гутаркі вы сказалі пра тое, што сапраўднасць нумароў можа вызначыць толькі экспертыза. Дзе яе праводзяць?

— На Віцебшчыне — у абласным цэнтры, Оршы і Полацку.

Источник информации: http://www.postawy.by/2020/06/chto-takoe-vin-kod-avtomobilya-pochemu-ego-vazhno-znat-i-kak-rasshifrovat/